Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.08.2021

Дзякуючы кіраўнікам аб’яднання “Краснасельскбудматэрыялы” і прафсаюзнаму камітэту, здзейснілася мара некаторых актыўных ветэранаў працы — экскурсія з насычанай праграмай

Спачатку быў горад Слонім. Мы даведаліся многа цікавых гістарычных звестак: пра мінулае, пра ўклад у развіццё горада Агінскага, пазнаёміліся з драматычным тэатрам. Засталіся ў памяці і звесткі пра страшныя злачынствы фашыстаў у ваенны час: было знішчана 40 тыс. яўрэеў. І пра цяперашняе сяброўства з Ізраілем, халяль, фестываль Агінскага “Паланэз”. А яшчэ пра добрую справу — адшуканне і перапахаванне астанкаў загінулых у гады вайны у ваколіцах Слоніма салдат.

Па дарозе экскурсавод Вольга Рыгораўна цікава распавядала пра населеныя пункты, якія міналі за вокнамі нашага аўтобуса. даведаліся мы пра цікавую мастачку, пра баранавіцкую аптэку, у якой ужо стагоддзе размяшчаецца музей лекавых траў.

А далей быў горад-легенда, горад-казка, вечны горад Радзівілаў — Нясвіж. Першы прыпынак — адноўленая ратуша, найстарэйшая з тых, што засталіся ў Беларусі. Нясвіжская ратуша зноў набыла гістарычнае аблічча. Вакол яе размяшчаюцца гандлёвыя рады. Сёння, як і 400 гадоў таму, тут месцяцца крамы. Герб горада тае пары і сёння ўпрыгожвае многія будынкі Нясвіжа, афіцыйныя дакументы і сувеніры.

Наступны прыпынак у Нясвіжы — касцёл Божага цела — першая пабудова перыяду барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы і другая ў свеце. Гэты храм за 420 гадоў свайго існавання ніколі не быў зачынены. Для роду Радзівілаў служыў сямейнай пахавальняй. Дазвол на гэта Мікалай Крыштаф Радзівіл атрымаў асабіста ад Папы Рымскага. А на пабудову касцёла Сіротка запрасіў маладога архітэктара з Рыма —езуіта Бернардоні, які правёў у Нясвіжы 13 гадоў. Гэты барочны храм, які стаў дзівам і прарывам тады, захапляе і цяпер. А ўнутранае аздабленне захоплівае дух. Галоўны алтарны абраз “Апошняя вячэра”, біблейскія сюжэты выкананы настолькі ўзнёсла і вытанчана, што ствараюць пачуццё трапяткой урачыстасці. Вачэй не адарваць ад калонаў і арак пад самым купалам. Мы, як зачараваныя, разглядалі гэтую прыгажосць. Цікавасць выклікае і пахавальня ў крыпце касцёла. Сёння там знаходзяцца 72 труны. Урну з прахам 72-га Радзівіла — князя Антонія з Лондана — замуравалі ў сцяну ў 200-м годзе. Многа ходзіць легендаў пра пахавальню і сакрэты бальзаміравання.

Апошняй часткай нашага падарожжа было наведванне палаца. Захапленне выклікаюць адноўленыя залы, якія маюць свае назвы: Паляўнічая, Бальная, Каралеўская, Збройная, Зоркавая, Гетманская… Палац у Нясвіжы — жывое сведчанне існавання славутага роду Радзівілаў. А як захапляюць паркі — прадмет гонару колішніх уладальнікаў Нясвіжа!

Цікава, цудоўна і глыбока гістарычна! Такім было падарожжа актыўных ветэранаў працы аб’яднання “КБМ”. Надвор’е было як па заказу! Работа экскурсаводаў і вадзіцеля Аляксандра Сафронава, які ведае, напэўна, кожны куточак Беларусі, была бездакорнай. Задаволеныя, хаця і стомленыя насычанай праграмай экскурсіі, мы вярнуліся дадому. Нікому не спатрэбілася дапамога медыка, які хваляваўся за нас перад ад’ездам. Назіраючы па дарозе за роднымі краявідамі, мы яшчэ раз упэўніліся: прыгожая і багатая наша зямелька. Яе патрэбна любіць усім сэрцам, аберагаць, памнажаць яе багацці і старацца пакінуць такой жа цудоўнай тым, хто будзе пасля нас.

Дазвольце выказаць шчырую падзяку прафсаюзнаму камітэту і адміністрацыі “КБМ” за дастаўленыя гадзіны задавальнення ад адпачынку і пазнання сваёй гісторыі.

Алена БЛАЖЫЕЎСКАЯ

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".