Афіцыйны сайт
29 верасня 2017

Два педагога з Ваўкавыска сталі суперфіналістамі конкурсу «Настаўнік года Беларусі»

У Мінску падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства. Лепшага педагога краіны вызначылі па выніках суперфіналу, перамога дасталася настаўніку беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 Наваполацка Святлане Румянцавай. 

Павіншаваў фіналістаў конкурсу і абвясціў пераможцу міністр адукацыі Ігар Карпенка. Кажучы пра неабходнасць рэалізацыі канцэптуальных падыходаў, гаворка пра якія ішла на нядаўнім Рэспубліканскім педсавеце, міністр адзначыў, што конкурс "Настаўнік года Беларусі" - гэта чарговы крок у рэалізацыі запланаванага. 

- Якіх бы мы ні прымалі планаў, праграм, якіх бы мы ні пісалі добрых падручнікаў, без настаўніка, без педагога з вялікай літары, без чалавека, які можа павесці за сабой дзяцей, нічога не адбудзецца, - сказаў міністр. 

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў і намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко.

Фіналісты конкурсу - 56 лепшых педагогаў з усіх рэгіёнаў Беларусі - былі адзначаны ўзнагародамі Міністэрства адукацыі. 

Пераможцам прадметных намінацый уручаны значок «Выдатнік адукацыі», астатнія - ўзнагароджаны граматамі Мінадукацыі. Малога Крыштальнага жураўля з рук Ігара Карпенкі атрымалі суперфіналісты конкурсу, якія змагаліся за званне лепшага. 

Сярод настаўнікаў замежнай мовы лепшай прызнана настаўнік іспанскай мовы гімназіі №2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Юлія Касталомава.

Лепшым настаўнікам пачатковых класаў названы педагог гімназіі №1 Ваўкавыска Людміла Заяц. 

Больш за 30 тысяч настаўнікаў ўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Беларусі". Асноўныя змены ў гэтым годзе закранулі конкурсныя намінацыі. Іх стала восем. Вочны этап фіналу прайшоў у форме адкрытага паказальнага ўрока. Настаўнікі-фіналісты паказалі майстар-клас і правялі ўрок па прапанаванай тэме перад незнаёмай аўдыторыяй.

У суперфінале за званне лепшага змагаліся восем пераможцаў прадметных намінацый. Яны прынялі ўдзел у трох конкурсах, па выніках якіх і вызначылі лепшых. Першым выпрабаваннем для настаўнікаў стаў адкрыты міні-ўрок, дзе ў якасці вучняў былі прадстаўлены фіналісты гэтага конкурсу. Кожны суперфіналіст правёў 20-хвілінны ўрок, пастараўся праявіць усё сваё педагагічнае майстэрства, паказаць сябе як прафесіянал і асоба. Другім выпрабаваннем стала своеасаблівая прэс-канферэнцыя, падчас якой журы задало кожнаму ўдзельніку па два пытанні. Адказы на іх прадэманстравалі педагагічную эрудыцыю кожнага канкурсанта, яго псіхолага-педагагічны ўзровень і ўменне хутка рэагаваць. На трэцім этапе суперфіналу кожны ўдзельнік выступіў у ролі прамоўцы. Тэма гаворкі - «Настаўнік ўчора, сёння, заўтра». Для настаўніка вельмі важна ведаць не толькі, як развівалася педагагічная навука і адукацыйная практыка, але і ўмець бачыць настаўніка будучыні. 

У журы конкурсу ўвайшлі кіраўнікі журы ўсіх прадметных намінацый, а таксама навукоўцы, педагогі, псіхолагі, лепшыя настаўнікі мінулых гадоў. Вызначала лепшага таксама дзіцячае журы. 

Па матэрыялах БелТА