Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.03.2021

Маркевіч: дзяржава стварае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей моладзі

Дзяржава стварае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей падрастаючага пакалення. Аб гэтым сказаў сёння міністр культуры Анатоль Маркевіч на адкрыцці новага будынка шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі ў Астраўцы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.

"Дзяржава стварае ўсе ўмовы для таго, каб таленавітыя беларусы былі вядомыя і запатрабаваныя перш за ўсё на сваёй зямлі. Таму так важна ўзнімаць статус малых гарадоў і вёсак, рабіць іх сапраўднымі культурнымі цэнтрамі, - адзначыў Анатоль Маркевіч. - Шматфункцыянальны сацыяльна-культурны комплекс у Астраўцы цалкам адпавядае гэтым мэтам. Ён будзе служыць на карысць нашым людзям, а галоўнае - дасць магчымасць моладзі раскрыць свой творчы патэнцыял. Не сумняваюся, што гэта падзея яшчэ больш з'яднае людзей у імкненні жыць і працаваць на карысць сваёй Радзімы, у імкненні рэалізоўваць сумесныя праекты, звязаныя з яе развіццём".

Міністр дадаў, што ў Беларусі надаецца вялікая ўвага захаванню спадчыны краіны. Яскравым прыкладам з'яўляецца Гродзенская вобласць, дзе цяпер прадаўжаецца вялікая рэканструкцыя такіх архітэктурных жамчужын, як Стары замак у Гродне, палацава-паркавы комплекс у Свяцку, замкі ў Крэве, Гальшанах і Навагрудку.

Анатоль Маркевіч падзякаваў усім, хто працаваў над стварэннем культурнага цэнтра: Гродзенскаму аблвыканкаму, Астравецкаму райвыканкаму, калектывам Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама і ААТ "Гроднапрамбуд". "Шчыры дзякуй і супрацоўнікам культурнай галіны, якія працавалі над змястоўным напаўненнем музейных экспазіцый, бібліятэк, кінатэатра, фарміравалі шматлікія гурткі, стваралі дастойныя ўмовы для творчасці, мастацтва і добрага адпачынку, - сказаў ён. - Жадаю ўсім моцнага здароўя, прафесійных поспехаў і новых здзяйсненняў на карысць нашай роднай Беларусі. А прыгожую палову чалавецтва ад усяго сэрца віншую з надыходзячым Днём жанчын. Будзьце шчаслівыя і любімыя, дарыце нам сваю прыгажосць і выдатны настрой".

Аб'ект узвялі за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Плошча новага будынка на праспекце Энергетыкаў - амаль 10 тыс. кв.м. Тут размесціцца адразу некалькі ўстаноў культуры.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.