Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.02.2021

Кааперацыя, фінансы, інтэграцыя і вытворчасць вакцыны - падрабязнасці нефармальных перагавораў Лукашэнкі і Пуціна

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна праходзіць у Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў фразу з уступнага слова Уладзіміра Пуціна аб тым, што гэта цяпер рэдкасць, калі кіраўнікі дзяржаў сустракаюцца сам-насам. "Думаю, што мы прадоўжым такі фармат сустрэч. Сур'ёзныя перагаворы ў звычайным адзенні (нефармальны характар перагавораў. - Заўвага БЕЛТА) - гэта сведчыць аб тым, што мы проста блізкія людзі, у нас вельмі блізкія народы і краіны. І мы можам у любой форме абмяркоўваць нашы сур'ёзныя праблемы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, выдумляць нічого не трэба, паколькі бакі нямала зрабілі, праведзена работа на ўзроўні ўрадаў. Прэзідэнт нагадаў, што раней было абазначана каля 30 напрамкаў па развіцці супрацоўніцтва, дарожных карт. І раней кіраўнікі дзяржаў, сустракаючыся ў Сочы, дамовіліся, што ўрады дзвюх краін папрацуюць над імі - падновяць і мадэрнізуюць. "Сапраўды, урады вельмі шмат зрабілі. І Расіі, і Беларусі. Яны абнавілі фармат. Мне сёння пасол Сямашка дакладваў, што там, можа, засталося 6-7 дарожных карт (яны цяпер ужо па-новаму называюцца, іх рэбрэндынг правялі), над якімі нашы ўрады працуюць. Усе астатнія ў прынцыпе гатовы да падпісання. Таму план дзеянняў ёсць", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў расійскаму лідару за падтрымку, якую расійскі бок аказвае эканоміцы Беларусі. "Павінен вас праінфармаваць, што гэта не дарэмна. Грошы не выкінуты на вецер", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што як мінімум палова гандлёвага абароту Беларусі завязана на Расію, а параўнальна невялікая Беларусь з'яўляецца чацвёртым па значнасці гандлёвым партнёрам Расіі. Краіна спажывае шмат расійскіх камплектуючых і сыравіны. "Таму дзякуй. Ведайце, што мы не выкінулі грошы на вецер. Мы ўкладваем у канечную вытворчасць, закупляючы ў Расіі вялікую колькасць сыравіны і камплектуючых. І гэты аб'ём увесь час нарастае. І калі мы рэалізуем задуманыя праекты, якія мы на 5 гадоў зацвердзілі, то імпарт з Расіі значна павялічыцца", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што поўны ўвод у строй Беларускай АЭС дасць магчымасць сэканоміць прыкладна 5 млрд куб.м прыроднага газу. Тым не менш патрэбнасць у гэтай сыравіне ў цэлым не знізіцца з улікам планаў па будаўніцтве новага азотнага камбіната ў Гродне. "А гэта прыродны газ. Таму мы ўсё роўна будзем спажываць прыродны газ ва ўсё большых аб'ёмах. Праект коштам 1,2-1,3 млрд, - сказаў Прэзідэнт. - Новы камбінат. Вопыт у нас ёсць. У нас жа такі працуе там. Таму мы хочам павялічыць аб'ёмы азотных угнаенняў. Калі будзе ваша даручэнне прапрацаваць пытанне, мы з Газпрамам гатовы гэты праект рэалізаваць".

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, у прыватнасці, навучанне студэнтаў з Беларусі ў расійскіх ВНУ. "Хоць у нас добры ўзровень адукацыі, але маладыя людзі актыўна выкарыстоўваюць ВНУ Расійскай Федэрацыі, каб атрымаць дастойную адукацыю", - сказаў ён.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў і актуальную цяпер тэму барацьбы з каранавірусам, вытворчасці вакцыны. Ён адзначыў дасягненні расійскіх вучоных у гэтым напрамку. "Я заўсёды гавару: і наша крыху там ёсць з савецкіх часоў - вытворчасць вакцын. У вас ужо тры зарэгістраваныя вакцыны. І яшчэ ў распрацоўцы. Мы таксама ідзём гэтым шляхам. Да восені мы атрымаем і сваю вакцыну, спецыялісты ў нас ёсць. Але цяпер актыўна закупляем у вас. Гэта тэма - вакцын - сведчыць аб найвышэйшым узроўні навукі ў Расійскай Федэрацыі. А без адукацыі навукі не бывае. Гэта вельмі моцна паўплывала на нашых маладых людзей у плане навучання ў Расійскай Федэрацыі. Ну і студэнты з Расіі прыязджаюць. У нас тут, дзякуй богу, бар'ераў ніякіх няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзякуй за тое, што прыслухаліся да маёй просьбы і адкрылі чыгуначны рух паміж дзвюма краінамі, павялічылі прапускную здольнасць і магчымасць туды-сюды перамяшчацца нашым грамадзянам праз паветраныя вароты. Думаю, недалёка той момант, калі мы і аўтамабільны рух адкрыем. У нас праблем няма. Мы не закрыты тут", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён адзначыў, што Расія накіроўвала ў Беларусь спецыялістаў, якія пераканаліся ў тым, што краіны знаходзяцца на прыкладна аднолькавым узроўні па захваральнасці. "На шчасце, цяпер рэзка пачала зніжацца захваральнасць. Дай бог, да пачатку восені або, магчыма, да лета мы ўжо выйдзем бліжэй да нуля", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Уладзімір Пуцін, гаворачы пра супрацоўніцтва дзвюх краін, падкрэсліў, што пытанні фінансавай падтрымкі, вядома, важныя, але гэта далёка не галоўнае. "Галоўнае - гэта сумесная работа і кааперацыя ў рэальным сектары эканомікі. У нас сапраўды за перыяд эпідэміі крыху ўпаў тавараабарот, прыкладна на 15 працэнтаў. Але ўсё роўна склаў $28,5 млрд. Гэта вельмі значная лічба", - сказаў ён.

Кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі размову ў час катання на горных лыжах.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.