Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.09.2021

Даныя сацдаследаванняў: амаль 94 працэнты беларусаў у перыяд COVID-19 носяць маскі ў грамадскіх месцах

Амаль 94 працэнты беларусаў у перыяд COVID-19 носяць маскі ў грамадскіх месцах. Такія даныя сацдаследаванняў прывёў сёння журналістам малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Максім Кудрэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэспандэнтам прапаноўвалася назваць асноўныя меры, якія прымаюцца імі ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19. "Гэта вынікі апошняга замеру, і мы бачым, што для больш як 90 працэнтаў насельніцтва агульнаўжывальнымі практыкамі стала нашэнне масак у грамадскіх месцах (93,9 працэнта), а таксама рэгулярнае мыццё рук і выкарыстанне антысептыкаў (91,7 працэнта). Больш таго, тэндэнцыю, што гэтыя нормы замацоўваюцца, пацвярджае яшчэ адно пытанне, якое мы задалі рэспандэнтам, - як яны ставяцца да людзей, якія не носяць маску ў грамадскіх месцах і не захоўваюць сацыяльную дыстанцыю. У прыватнасці, 60 працэнтаў насельніцтва выказалі рэзкую крытыку такіх паводзін. І якраз-такі гэты маральны аспект вельмі важны, каб меркаваць аб замацаванні нашэння маскі, выканання сацыяльнай дыстанцыі як новай нормы паводзін, паўнапраўнай сацыяльнай практыкі ў бягучах умовах. Таксама ў топе практык, якія рэгулярна рэалізуюцца насельніцтвам, - абмежаванне наведвання гандлёвых цэнтраў і грамадскіх месцаў, сустрэч з сябрамі і сваякамі, пажылымі людзьмі, абмежаванне выкарыстання грамадскага транспарту і адмена паездак за мяжу", - расказаў Максім Кудрэвіч.

Што датычыцца ацэнкі здольнасці беларускай сістэмы аховы здароўя процістаяць распаўсюджванню COVID-19, то гэты паказчык толькі ўзрастае - з 50,3 працэнта ў красавіку 2020 года да 67 працэнтаў у сакавіку 2021-га. "Яшчэ адным важным крытэрыем адэкватнай ацэнкі насельніцтвам пагрозы распаўсюджвання COVID-19 з'яўляецца ацэнка чакання развіцця сітуацыі. Тут мы таксама бачым пазітыўную тэндэнцыю адносна дынамікі, у рамках якой насельніцтва ўсё больш спадзяецца на паляпшэнне сітуацыі і ўсё менш чакае яе пагаршэння. Таксама было вывучана стаўленне да вакцынацыі ад COVID-19. Гэта вынікі замеру сакавіка 2021 года. Тут мы бачым прыблізна аднолькавае станоўчае і адмоўнае стаўленне да вакцынацыі (43,7 працэнта і 42,8 працэнта адпаведна). Тлумачыцца гэта даволі проста ў кантэксце таго, што масавая вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў красавіку, а сакавік - якраз час недастатковай інфармаванасці, сумненняў, розных чутак у інфармацыйнай прасторы. І ў бліжэйшым замеры, які будзе праведзены ў кастрычніку - пачатку лістапада, мы чакаем паляпшэння дадатных тэндэнцый адносна вакцынацыі. У тым ліку абапіраючыся на даныя статыстыкі аб тым, што першую дозу вакцыны на гэты момант у Беларусі атрымала ўжо амаль 20 працэнтаў насельніцтва, што, безумоўна, не можа не радаваць".

Як дадаў навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Яўген Навіцкі, усяго інстытут правёў 5 хваль даследаванняў, звязаных з распаўсюджваннем COVID-19 і адносінамі насельніцтва да гэтай праблематыкі. "4 хвалі было ў 2020 годзе, там выбарка складала ад 600 рэспандэнтаў. У 2021-м было праведзена даследаванне, дзе было 1050 рэспандэнтаў. Усе даследаванні праведзены метадам тэлефоннага апытання. Выбаркі былі рэпрэзентатыўнымі. Апытваліся па бліжэйшай даце нараджэння. Апытаныя ад 18 гадоў і старэйшыя. Апытанне праводзілася ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску, раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах", - канстатаваў ён.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.