Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.08.2021

"Без перабольшання гістарычны дзень". Петрыкаўскі ГАК афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўводу ў эксплуатацыю Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу ААТ "Беларуськалій", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На ўрачыстае мерапрыемства запрасілі членаў урада, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, топ-менеджараў "Беларуськалія" і працоўны калектыў прадпрыемства.

"Сёння без перабольшання гістарычны для Беларусі дзень. Мы адкрываем чарговы знакавы аб'ект - Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ажыццявіў сімвалічны запуск прадпрыемства, націснуўшы на пульце кіравання кнопку запуску горна-шахтавага праходчага камбайна. Працэс работы тэхнікі на глыбіні дэманстраваўся ўдзельнікам мерапрыемства анлайн.

Петрыкаўскі горна-абагачальны комплекс будавалі амаль 10 гадоў, на работы было патрачана каля $1,25 млрд. Запасаў калійнай руды тут хопіць на 100 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто меў дачыненне да стварэння гэтага ўнікальнага, паводле яго слоў, аб'екта: праекціроўшчыкам, інжынерам, будаўнікам, шахцёрам. Работы выконваліся выключна беларускімі падраднымі праектнымі, будаўнічымі і мантажнымі арганізацыямі, а доля айчыннага абсталявання склала больш за 85 працэнтаў.

"Я сапраўды адчуваю гонар за ўсіх вас, цудоўных спецыялістаў і майстроў сваёй справы", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Таксама напярэдадні Дня шахцёраў Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў "Беларуськалія" і ветэранаў прадпрыемства з прафесійным святам.

На 1 жніўня 2021 года рудніком у Петрыкаўскім раёне выдадзена амаль 1,4 млн т руды, абагачальнай фабрыкай выраблена амаль 158 тыс. т калійных угнаенняў. Цяпер на прампляцоўцы Петрыкаўскага ГАК завершаны работы падрыхтоўчых перыядаў і вядуцца работы па будаўніцтве аб'ектаў трох чэргаў будаўніцтва.

У першым паўгоддзі вытворчыя і экспартныя паказчыкі "Беларуськалія" выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Выраблена калійных угнаенняў у натуральным вылічэнні 6 млн 496 тыс. т, або 121,8 працэнта да першага паўгоддзя 2020 года (за 7 месяцаў 2021 года - 7 млн 546 тыс. т, або 116,6 працэнта да аналагічага мінулагодняга перыяду).

Вытворчыя магутнасці ААТ "Беларуськалій" выкарыстоўваліся на 100 працэнтаў і са студзеня 2021 года былі павялічаны з 11 млн 500 тыс. т да 13 млн 150 тыс. т у год у натуральным вылічэнні.

За першае паўгоддзе 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года вытворчасць мінеральных угнаенняў павялічылася на 21,7 працэнта, у тым ліку вытворчасць калійных угнаенняў павялічылася на 21,8 працэнта, NPK-угнаенняў - на 12,1 працэнта, тукасумесей - на 28,5 працэнта.

Па выніках 7 месяцаў 2021 года экспарт калійных угнаенняў у натуральным выражэнні вырас на 10,4 працэнта, або на 655 тыс. т, і склаў 6 млн 980 тыс. т. Экспартная выручка за гэты ж перыяд павялічылася на 13,4 працэнта.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.