Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

1 верасня 2019

Роднай мове прызнанне…

34 гады славіць родную мову і вучыць любіць яе сваіх вучняў Тамара Анатольеўна ЖУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Рэплеўскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Пра сябе і свой вызначаны генамі шлях у прафесію, пра бабуліны ўрокі любві да роднага края і сваіх вучняў яна распавядае нашым чытачам.

Аб тым, што стану настаўніцай, я ведала ўжо ў першым класе. А што буду выкладаць родную мову, стала ясна крыху пазней. Чаму настаўніцай? Кім жа яшчэ магла я стаць у настаўніцкай сям’і? Бацька, Анатолій Аляксандравіч Лісок, выкладаў беларускую мову і літаратуру, матуля, Ніна Васільеўна, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Яны былі для мяне прыкладам, як і ўсе настаўнікі Гарнастаевіцкай сярэдняй школы, што ў суседнім Свіслацкім раёне. Усім ім хачу сказаць словы падзякі і ўдзячнасці за тое, што дапамаглі знайсці сваё месца ў жыцці, навучылі паважаць і любіць родны край.

У старэйшых класах з’явілася жаданне спазнаць культуру, мінулае свайго краю, нашага роду, таму ўрокі гісторыі, літаратуры сталі самымі любімымі ў школе. Следам за гэтым прыйшло ўсведамленне, што я — часцінка гэтай гісторыі і сваёй роднай Белай Русі, што мая родная мова — беларуская.

Як? Усё вельмі проста. Мне з дзяцiнства падабалiся гісторыі пра незвычайныя здарэнні і прыгоды, якiя бабуля заўсёды распавядала перад тым, як мы клаліся спаць. Перада мною паўставалі мае продкі, простыя, але працавітыя і таленавітыя людзі. Тады я яшчэ не разумела, што гэта і ёсць скарб, які бабуля перадала нам ад сваёй матулi, а тая ў сваю чаргу — ад сваёй. Жыццё даказала: роднае слова жыве ў нашых генах, каб потым прагучаць з вуснаў дзяцей і ўнукаў.

Так што выбар кім быць прыйшоў сам сабою: я стала студэнткай філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пасля заканчэння якога ў далёкім ужо 1985 годзе прыехала па размеркаванні ў Рэплеўскую сярэднюю школу. Тут мяне цёпла і сардэчна сустрэў калектыў настаўнікаў, у гэтым куточку я знайшла сваё сямейнае шчасце: маладога і дастойнага хлопца Валеру, а лёс падараваў нам двух дочак. Малодшая Юля працуе ў нашай школе настаўніцай фізічнай культуры, разам з мужам выхоўваюць наша шчасце і радасць — унучка Арцёмку. Лена яшчэ вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце, будзе эканамістам.

Мара мая здзейснілася: я стала настаўніцай. Чаму я вучыла і вучу сваіх вучняў? Адчуваць мілагучнасць роднай мовы, прыгажосць і глыбіню літаратурных вобразаў, багацце роднага слова. Удалося ці не, рашаць не мне. Але мне прыемна, што ў розных кутках нашай Беларусі маю справу працягваюць мае выпускніцы.

Праз тры дзесяткі гадоў працы ў школе, здаецца, можна было б супакоіцца, а не магу. Толькі цяпер я вучуся быць маладой, і не таму, што саромеюся сваіх гадоў. Хачу разумець сённяшніх вучняў, ведаць, што іх цікавіць. Але як зрабіць, каб у хлопцаў і дзяўчат XXI стагоддзя ўзнікла патрэба размаўляць, пісаць і думаць па-беларуску? Зразумела, на першым месцы ўрок, які напаўняю разнастайным матэрыялам з гісторыі і культуры. Гэта і ўдзел у шматлікіх конкурсах, алімпіядах, выставах. Гэта вечарыны, святы роднай мовы, правядзенне абрадаў… Так паступова праз родную мову, праз слова і адраджаецца душа чалавека, душа народа, душа нацыі.

Поспех настаўніка — гэта поспех і перамогі яго вучняў. Я шчаслівы чалавек, бо мае вучні неаднаразова даказвалі: у звычайнай вясковай школе можна дасягнуць вяршынь, стаць лепшым знаўцам беларускай мовы і літаратуры. Юля Брыцько, Кацярына Шыдлоўская, Ліза Аляксейчык станавіліся пераможцамі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Ганна Раманчук дайшла да заключнага. Ёй не хапіла зусім мала, атрымала пахвальны ліст. Шчаслівым стаў для яе сястры Алесі Раманчук, на той час вучаніцы 9 класа, 2018 год, калі яна стала прызёрам гэтага самага заключнага этапу. Сёння Алеся — навучэнка ліцэя БДУ, дзе працягвае вывучаць родную мову.

Мова, слова маюць вялікае выхаваўчае значэнне. Сёння мы мала гаворым, дыскутуем, больш сядзім за камп’ютарам, знаходзім субяседнікаў у сусветных сетках… Як не пагадзіцца са словамі Г. Бураўкіна, у якіх адчуваецца заклапочанасць паэта сучасным станам мовы: «Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы». Таму я за тое, каб беларускае слова гучала паўсюдна, каб яно шанавалася і зберагалася, каб немаўля чула калыханку з вуснай сваёй мамы — тую, што калісьці ёй спявала яе маці, каб дарослыя знаходзілі час расказаць перад сном сыну ці дачцэ казку, каб дзяўчына, чакаючы прызнанне юнака, пачула “адзінае, дзіўнае светлае слова — кахаю... кахаю».

І словамі Дануты Бічэль-Загнетавай хачу сказаць «пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё, беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае.Такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае, вясновае слова ад шчырага сэрца»:

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".