Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
15.04.2020

Ліст у мінулае. Прывітанне, дарагі наш дзядуля Юльян Рыгоравіч Сцельмашок!

На жаль, мы з табой ніколі не бачыліся і не ўбачымся, бо цябе забрала ад нас назаўсёды Вялікая Айчынная вайна. Вайна, якая нечакана ўварвалася на нашу шматпакутную беларускую зямлю і прынесла амаль у кожную сям’ю боль, слёзы, пакуты і смерць… Не абышла гэтая страшэнная навала і нас. З расказаў родных мы ведаем, што ты, як і многія іншыя мужчыны в. Станкаўцы, пайшоў на фронт, а дома засталіся маленькая дачка Аля і цяжарная жонка. Ты вельмі хацеў сына. І сын нарадзіўся, але ўжо пасля тваёй смерці. Твая маладая жонка Яніна ў 22 гады атрымала “пахаронку”, у якой было напісана: “Ваш муж чырвонаармеец Сцельмашок Юльян Рыгоравіч у баі за Сацыялістычную Радзіму, верны ваеннай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, загінуў 18 сакавіка 1945 года і пахаронены з воінскімі ўшанаваннямі ў Польшы ў вёсцы Рагалева”. Гэтая “пахаронка” па сённяшні дзень для нас, тваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, самы дарагі напамін пра цябе. А яшчэ фотаздымак, у які мы часта ўглядаемся, і тады вельмі хочацца расказаць табе пра нашу вялікую і дружную сям’ю. Вельмі цяжка было тваёй жонцы з двума малымі дзецьмі пасля вайны, але яна не скарылася, працавала на ферме даяркай, за добрасумленную працу ўзнагароджана ордэнам Леніна, ёй было прысвоена ганаровае званне “Ударнік камуністычнай працы”. Пра яе нават напісана ў кнізе “Па­мяць”. Яніна Пятроўна змагла пабудаваць новы дом у той жа вёсцы Станкаўцы. Гэты дом мы і лічым сваім сямейным гняздом. На ўсе святы тут збіраемся, менавіта ў гэтым доме мы ўпершыню пра цябе і пачулі ад тваіх дзяцей, нашай бабулі Алі і дзядулі Віктара. На жаль, сёння ў жывых няма ўжо ні тваёй жонкі Яніны, ні твайго сына Віктара, але ведай, дарагі дзядуля, што на гэтым свеце ў цябе тры ўнукі, дзве ўнучкі, пяцёра праўнукаў і тры праўнучкі. Адна з іх носіць імя ў твой гонар — Юльяна. Твой род працягваецца! І, як нам здаецца, ты б намі ганарыўся, бо кожны з тваіх нашчадкаў сумленна працуе на карысць нашай краіны. Твае праўнукі добра вучацца, займаюцца спортам, музыкай, дапамагаюць сваім бацькам, і ўсе мы цэнім кожную хвіліну мірнага жыцця і памятаем, што дзякуючы табе і тысячам такіх, як ты, маем магчымасць кожны дзень прачынацца ад яркіх сонечных промняў, усміхацца адзін аднаму і працягваць несці ў жыццё шчасце, дабро, чуласць і спагаду. Дарагі дзядуля Юльян, вялікі табе дзякуй за Перамогу, за мір на нашай зямлі! Вельмі хутка ўся наша краіна будзе адзначаць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Для нашай сям’і гэта асаблівае свята. Усе мы, твае нашчадкі, ганарымся, што наш бацька, дзед і прадзед Юльян Рыгоравіч Сцельмашок мужна змагаўся з ворагам і загінуў у імя будучыні сваёй краіны і сваёй сям’і. З павагай і ўдзячнасцю ад тваіх ўнукаў і праўнукаў Таццяна Віктараўна СЦЕЛЬМАШОК (Данешчык) Р.S. Мы ўпэўнены, што ёсць на зямлі сіла, дзякуючы якой ты даведаешся пра гэта наша пасланне. Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".