Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

12 красавіка 2018

Ідзе вясенняя сяўба. На мінулым тыдні першыя пасяўныя агрэгаты выйшлі на палі гаспадарак раёна

 А гэта значыць, што пачалася пасяўная, што ў гэтыя адказныя красавіцкія дні закладваецца аснова будучага ўраджаю. Задача ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя стаіць сёння перад усімі гаспадаркамі раёна.

Работнікі КСУП «Племзавод «Рось» прыступілі да вясенніх палявых работ аднымі з першых — 4 красавіка. Аграрыі гэтай гаспадаркі ўзялі высокі тэмп работ і маюць намер выканаць пастаўленыя задачы якасна і ў тэрмін. Разам з сяўбой у гаспадарцы працягваецца апрацоўка глебы.

— Ранні яравы палетак у нас складае 1 440 гектараў. Большая частка яго будзе засеяна ячменем — 800 гектараў, 400 гектараў зойме яравая пшаніца, 200 — зернебабовыя і 40 — авёс, — расказаў Андрэй Ракуць, які выконвае абавязкі галоўнага агранома сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Ён адзначыў, што ў сёлетнюю пасяўную сяўба яравых збожжавых будзе праведзена насеннем эліты. Напрыклад, яравая пшаніца будзе прадстаўлена элітным насеннем «Рассвет» і «Бамбона», а піваварны ячмень — насеннем эліты «Грэйс». Палі былі падрыхтаваны грунтоўна, з поўным захаваннем усіх агратэхнічных патрабаванняў, а значыць — можна разлічваць на добры ўраджай. Яшчэ б надвор'е спрыяла...

Скончыць пасяўную ў «Росі» разлічваюць да 9 мая. У дзень нашага наведвання на палі гаспадаркі выйшлі дзве сеялкі з чатырох задзейнічаных. Пабываўшы на полі, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Бойка і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Казак станоўча выказаліся аб пасяўной у гэтай гаспадарцы.

— Лічу, у «Росі» пасяўная пачалася зладжана. Акрамя непасрэдна сяўбы, тут можна назіраць, як поўным ходам вядзецца падрыхтоўка поля на перспектыву (закрыццё вільгаці), раскідваецца арганіка, праводзяцца іншыя неабходныя работы, — сказаў, паказваючы на сельгасмашыны насупраць поля, якое засяваецца, Міхаіл Леанідавіч.

Вопытны механізатар КСУП «Племзавод «Рось» Эдуард Радзейка за рулём трактара «МТЗ» з прычапным пасяўным агрэгатам «АПП-6» сее на добра падрыхтаваным полі за Плябанаўцамі яравы ячмень. Кажа, што глеба тут лёгкая, што дазволіла рана пачаць пасяўныя работы. Дарэчы, учора менавіта ён стаў першым у раёне механізатарам, які засеяў першую ў гэтым годзе  баразну. Родныя палі Эдуард Іосіфавіч засявае больш за трыццаць гадоў з трыццаці пяці, аддадзеных сельскай гаспадарцы ў цэлым і «Племзаводу «Рось» у прыватнасці. Змянялася назва гаспадаркі, мяняліся кіраўнікі, мяняліся тэхніка і тэхналогіі. Нязменным заставалася адно — родныя палі, любоў да зямлі, жаданне працаваць з максімальнай аддачай. Шмат работ, акрамя сяўбы, праводзіць механізатар. І за кожную з іх бярэцца з уласцівымі яму адказнасцю, працавітасцю і стараннасцю.

У цяперашні час ён ведае, што галоўнае зараз — правесці сяўбу якасна і завяршыць працы ў тэрмін. І стараецца справіцца з пастаўленай задачай. Кажа, што любіць назіраць за маладымі ўсходамі на засеяных ім палях, і што гэта відовішча дастаўляе яму станоўчыя эмоцыі.

У тандэме з Эдуардам Іосіфавічам працуе вадзіцель Пётр Сідаровіч, які на аўтамабілі «ЗІЛ» з адмысловым бункерам дастаўляе ў поле для запраўкі сеялкі насенне. Як і сейбіт, вадзіцель працуе ў гаспадарцы шмат гадоў, яшчэ да арміі сеў за руль калгаснага аўтамабіля. Для абодвух работнікаў пасяўная — у радасць.
Тэмп і інтэнсіўнасць работ з кожным днём узрастаюць. На ўчарашні дзень у пасяўную кампанію ўключыліся ўсе гаспадаркі. І хоць нагрузка на сельгаспрадпрыемствы ў гэтыя дні сапраўды вялікая і аб'ём работ значны, але ўсё робіцца для таго, каб завяршыць сяўбу ў тэрмін і на належным узроўні.
Для ўдалай пасяўной і багатага ўраджаю

Абрад «Засевак» або, як яго яшчэ называюць, свята першай баразны прайшоў у мінулую пятніцу ў КСУП «Няверавічы».
Менавіта ў гэты дзень у гаспадарцы пачалася вясенняя сяўба — былі пасеяны першыя 20 гектараў яравога ячменю «Бровар». Надвор'е ў гэты дзень спрыяла земляробам, было сонечна і суха. Мерапрыемства праходзіла на полі каля вёскі Мачуліна. Права першай разоры атрымаў знатны няверавічскі сейбіт Пётр Пекарэц на энерганасычаным трактары «FENDT» з сеялкай «RABE».

Гэтаму моманту папярэднічаў  старажытны рытуал «Засеўкі», які сімвалізуе прыход вясны ў жыццё земляробаў, якія закладваюць аснову будучага ўраджаю. Прысутныя на свяце кіраўнікі, спецыялісты гаспадаркі і земляробы змаглі ўбачыць, як выходзілі на вясеннюю ніву сейбіты ў тыя часы, калі палі аралі коньмі, а засяваліся ўручную. І пераканацца, што праца хлебароба на пасяўной, хоць і стала паўсюдна механізаванай, але па-ранейшаму характарызуецца асаблівым станам душы.

Работнікі Дома культуры аграгарадка Юбілейны з нагоды пачатку пасяўной у гаспадарцы падрыхтавалі цікавую праграму, якая ўключала тэатралізавана-музычную частку абраду, а таксама песні і вершы з пажаданнямі, адрасаванымі зямлі і людзям, якія працуюць на ёй. У гэты дзень славілі сонца, якое дорыць цяпло, зямельку-матухну, якая нараджае ўраджай і працавітых людзей. Блаславіў на патрэбную справу аграрыяў ксёндз Павел, які прачытаў малітву, асвяціў людзей, поле і тэхніку, памаліўся за тое, каб вясенняя пасяўная прайшла бясхмарна, паклаўшы пачатак багатаму ўраджаю, каб сілы прыроды разам з рукамі і душой чалавека прынеслі свой важкі, добры вынік.

Затым работнікі гаспадаркі на чале з яго кіраўніком Казімірам Вераб'ём выйшлі ў поле і на невялікім участку раллі па-старому пасеялі збожжа, раскідваючы яго жменямі з кошыкаў.

— Работнікі ў нас надзейныя, умеюць і любяць працаваць, тэхніка адрамантавана, да пасяўной гатовая, добрага насення ў дастатку... Калі надвор'е да нас прыслухаецца, то будзем з зернем, — лічыць намеснік дырэктара КСУП «Няверавічы» Іван Маржала.

Дарэчы, яравая сяўба ў гаспадарцы будзе праведзена на 1 786 гектарах, з якіх 780 гектараў — раннія яравыя культуры. Для хуткага і якаснага правядзення сяўбы гатовыя тры пасяўныя агрэгаты. Няверавічскія аграрыі маюць намер завяршыць сяўбу ранніх яравых на працягу 10 дзён.