Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

4 жніўня 2019

Змяненне клімату прымушае пераглядаць стратэгію раслінаводства і земляробства

Змяненне кліматычных умоў і засушлівае надвор'е прымушаюць беларускую навуку пераглядаць стратэгію раслінаводства і земляробства.

— Апошнія два гады ў нашай краіне назіраюцца складаныя ўмовы надвор'я. Сёлета з канца мая і практычна ўвесь чэрвень паўсюдна адсутнічалі ападкі, а тэмпература на 5-6 градусаў перавышала сярэднія шматгадовыя значэнні. Усё гэта не магло не адбіцца на фарміраванні ўраджаю, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах, дзе лёгкія пясчаныя глебы характарызуюцца нізкай прыроднай прадукцыйнасцю і няўстойлівым водным рэжымам, — канстатуе намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома УРБАН. — На жаль, не парадаваў нас і ліпень з яго паніжаным тэмпературным рэжымам і вялікай колькасцю ападкаў. Гэта таксама адбілася на ходзе ўборкі ўраджаю.

Увогуле, за апошнія 20 гадоў сярэднегадавая тэмпература павялічылася ў краіне на 1,1 градуса, а засушлівыя перыяды значна пачасціліся і сталі больш працяглыя па часе. Калі раней яны назіраліся толькі ў чатырох гадах з дзесяці, то за апошнія 27 гадоў засушлівыя з'явы не адзначаліся толькі ў 1992, 2000 і 2004 гадах. Асабліва пакутуе ад засухі поўдзень Беларусі, у прыватнасці Гомельская вобласць.

— Таму наспела неабходнасць нам усім перагледзець свае падыходы да вырошчвання сельскагаспадарчых культур і шматгадовых траў. РНПЦ па земляробстве, Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўжо распрацавалі агульную стратэгію вядзення раслінаводства. Задачы, якія мы ставім, — змяніць структуру пасяўных плошчаў. Неабходна пераглядзець і відавы, і сартавы склад сельгаскультур, якія мы вырошчваем, а перавагу трэба аддаваць азімым культурам, — падкрэслівае навуковец.

Апошнія гады ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, назіраецца скарачэнне пасяўных плошчаў пад азімае жыта, нягледзячы на прыкметны рост ураджайнасці гэтай культуры. За кошт скарачэння пасеваў жыта пашырыліся пасевы азімай і яравой пшаніцы, трыцікале, рапсу, кукурузы. Гэта важныя культуры з добрай эканамічнай выгадай, тым не менш жыта выціскаецца з нашых палеткаў незаслужана.

— У Гомельскай вобласці трэба пашыраць пасевы азімага дыплоіднага жыта, — лічыць Эрома Урбан. — Яго ўраджайнасць часта перавышае ўраджайнасць трыцікале, а ў большасці выпадкаў ёй не саступае. Далейшае скарачэнне плошчаў можа парушыць у цэлым стабільнасць вытворчасці збожжавых культур, паколькі, акрамя высокай адаптыўнасці, азімае жыта было і застаецца страхавой культурай у неспрыяльныя па гідраметэаралагічных умовах гады. Тым больш што ў нас ёсць новыя высокаўраджайныя, зімаўстойлівыя, устойлівыя да палягання сарты і гібрыды. Азімае жыта па праве лічыцца культурай нізкай эканамічнай рызыкі, асабліва ў раёнах з беднымі глебамі і суровымі кліматычнымі ўмовамі, у лік якіх уваходзіць і Беларусь.

Варта таксама звярнуць увагу на вырошчванне новых культур. На лёгкіх глебах добры ўраджай даюць бульба, аднагадовыя бабовыя, люцэрна. Адной з самых засухаўстойлівых у земляробстве культур з'яўляецца проса: на 1 кілаграм сухога рэчыва гэта культура выкарыстоўвае 277 літраў вады (напрыклад, кукуруза — 349 літраў, канюшына — 720 літраў, збожжавыя — 520 літраў).

У РНПЦ створаны сем сартоў нашай селекцыі. Мы прапануем насенне гаспадаркам, але плошчы пад гэту культуру пашыраюцца вельмі неахвотна і марудна.

Яшчэ адной важнай умовай з'яўляецца захаванне тэхнічных рэгламентаў, таму што апошнім часам сельскія гаспадаркі сутыкаюцца з цяжкасцямі ў набыцці ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін.

— За 10 апошніх гадоў у нас рэзка зменшылася ўнясенне фосфарных угнаенняў пад азімыя культуры, што негатыўна адбіваецца на іх зімоўцы. Між іншым, пасевы, якія першапачаткова высяваюцца ў аптымальныя тэрміны, маюць добрую «запраўку» арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, лягчэй пераносяць і зімоўку, і засушлівыя з'явы, — тлумачыць Эрома Урбан.

Беларускія вучоныя пастаянна ўдасканальваюць селекцыйную работу, вельмі шчыльную ўвагу аддаюць павышэнню зімаўстойлівасці азімых культур, вывелі ўстойлівыя сарты азімага рапсу, які пераносіць нізкія тэмпературы і затапленні. Сёлета вядзецца асваенне 21 тэхналагічнай распрацоўкі. 62 новыя сарты збожжавых і зернебабовых культур знаходзяцца цяпер у вытворчасці.

Напрыклад, новыя сарты азімай пшаніцы больш эфектыўна выкарыстоўваюць сонечную энергію. У іх палепшаны адток пажыўных рэчываў у збожжа. Значна ўзрасла і экалагічная стабільнасць, агульная адаптыўнасць да неспрыяльных фактараў асяроддзя. Павысілася ўраджайнасць. Палепшыліся хлебапякарныя і кармавыя вартасці. Менавіта беларускія сарты пшаніцы найбольш прыстасаваныя да нашага клімату, таму многія гаспадаркі аддаюць перавагу менавіта ім. Іх удзельная вага ў сельскагаспадарчай вытворчасці апошнія гады пастаянна павялічваецца...

Эрома Урбан канстатаваў, што сёння складана зрабіць дакладны прагноз на ўраджай. Страты насілі лакальны характар, напрыклад, у Валожынскім раёне адзначаўся залішак ападкаў, а ў Барысаўскім, наадварот, іх дэфіцыт. Калі дажджы будуць працягвацца, то страты павялічацца. Традыцыйна падчас уборкі ўраджаю яны складаюць да 10 працэнтаў.

Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".