Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

8 кастрычніка 2019

XXІV Беларускі энергетычны і экалагічны форум пройдзе ў Мінску

Гэтае мерапрыемства ўключае ў сябе міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» (EnergyExpo), Oіl&Gas Technologіes, «Атамэкспа-Беларусь», «Экспасвет», «Водныя і паветраныя тэхналогіі», «Экспагорад» і XXІV Беларускі энергетычны і экалагічны кангрэс. На форуме ўдзельнікі прадставяць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці і размеркавання электрычнай і цеплавой энергіі, аўтаматызаваныя сістэмы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі.

Сам форум пройдзе на пляцоўцы Футбольнага манежа ў Мінску, паведаміла намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава. Яна адзначыла, што для падрыхтоўкі форуму быў створаны аргкамітэт, які рыхтаваў тэматычныя мерапрыемствы. Гэта шэраг міжнародных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў і экспазіцыя, на якой будзе прадстаўлена больш за 600 кампаній з 16 краін свету (Аўстрыя, Азербайджан, Беларусь, Германія, Данія, Італія, Кітай, Літва, Польшча, Расія, ЗША і іншыя).

Намеснік міністра звярнула ўвагу, што ў падрыхтоўцы форуму, акрамя Мінэнерга, актыўна ўдзельнічалі Мінпрыроды, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту.

Мінэнерга правядзе мерапрыемствы з нямецкім энергетычным агенцтвам DENA. «Адно з новых для нас пытанняў — выкарыстанне ў энергетычных мэтах цвёрдых камунальных адходаў. Будзем таксама ўзаемадзейнічаць па пытаннях лічбавізацыі электраэнергетычнай галіны і рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця», — дадала Вольга Пруднікава.

Акрамя таго, як удакладніў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель, на форуме пакажуць новыя тэхналогіі для аховы навакольнага асяроддзя, а прадстаўнікі Мінпрыроды возьмуць удзел у многіх тэматычных мерапрыемствах.

«Сёння энергетыка і экалогія ўзаемазвязаны. Падчас форуму мы будзем шмат казаць пра Мэты ўстойлівага развіцця, непасрэдна Мінпрыроды адказвае за рэалізацыю сямі з сямнаццаці гэтых мэт, у тым ліку скарачэнне выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу, ахову і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў, — адзначыў намеснік міністра. — Думаю, што Беларускі энергетычны і экалагічны форум надасць імпульс развіццю тэхналогій, накіраваных менавіта на ахову навакольнага асяроддзя».

У структуры экспазіцыі прадугледжаны галіновыя раздзелы Мінэнергетыкі, Мінпрамысловасці і Мінпрыроды. На выставачнай экспазіцыі будуць прадстаўлены калектыўныя стэнды з розных рэгіёнаў Расіі, у ліку якіх Башкартастан, Чувашыя, Яраслаўская, Смаленская і Цюменская вобласці, Маскоўская гандлёва-прамысловая палата.

Акрамя таго, на выстаўцы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра», якая пройдзе падчас форуму, будзе паказана больш за 140 навукова-тэхнічных распрацовак, паведаміў начальнік упраўлення навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Фёдар Хадоркін.

Тут варта адзначыць, што каля 70 % з іх было рэалізавана па дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах і праграмах навуковых даследаванняў. Прычым калі ў гэтай пяцігодцы было каля 30 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, то на наступны пяцігадовы перыяд з 2021 да 2025 года іх ужо заяўлена больш за 38.

«Дзяржаўная палітыка, якая праводзіцца ў Беларусі ў дачыненні да стымулявання навукова-тэхнічнай дзейнасці, выклікае цікавасць рэальных распрацоўшчыкаў. Дзяржава фінансуе гэтыя распрацоўкі, прычым дае бюджэтнае фінансаванне не менш чым на 50 %. Сёння сфарміраваны досыць прывабныя для даследчыкаў і навукоўцаў умовы для навукова-тэхнічнай творчасці, рэалізацыі ідэй», — сказаў прадстаўнік камітэта.