Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

25 ліпеня 2019

У 30 артыкулах Працоўнага кодэкса ўлічаны прапановы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

У 30 артыкулах Працоўнага кодэкса ўлічаны прапановы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, паведаміў журналістам старшыня ФПБ Міхаіл Орда, каменціруючы навацыі Працоўнага кодэкса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Закон аб унясенні змяненняў у Працоўны кодэкс падпісаны Прэзідэнтам Беларусі 23 ліпеня. "Упершыню Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. Работа над дакументам вялася два з паловай гады. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўнесла больш за 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў. Гэта даволі вялікі аб'ём. І мы, безумоўна, настойвалі на змяненнях і дапаўненнях, якія закранаюць інтарэсы працоўных", - адзначыў Міхаіл Орда.

У прыватнасці, у Працоўны кодэкс уключана норма, якая гарантуе прадаўжэнне кантракта на максімальны тэрмін, калі ў чалавека няма спагнанняў. Наймальнік будзе мець права пры прыёме на работу заключыць кантракт з работнікам тэрмінам ад 1 года да 5 гадоў, гэта значыць зможа заключыць кантракт і на 1 год. Пры гэтым пасля заканчэння гэтага года, калі наймальнік вырашыў прадоўжыць працоўныя адносіны з работнікам, які не парушае вытворча-тэхналагічную, выканальніцкую і працоўную дысцыпліну, то ён павінен прапанаваць яму прадоўжыць кантракт да максімальнага пяцігадовага тэрміну, калі работнік згодны, або на тэрмін, які хоча работнік. Калі пайшоў другі пяцігадовы тэрмін, то з добрасумленным работнікам з яго згоды заключаецца кантракт адразу на 3 гады або бестэрміновы працоўны дагавор.

"На працягу больш як трох гадоў мы ўзнімалі гэта пытанне. Правялі маніторынг больш як 1,4 млн кантрактаў, які паказаў, што 34 працэнты работнікаў працуюць на кароткатэрміновых кантрактах, якія прадаўжаюцца на пастаяннай аснове на год. І мы ўбачылі, што пад гэтым прадаўжэннем на адзін год была пэўная частка такой маскіроўкі, каб скараціць работніка, не прадаўжаючы кантракт", - падкрэсліў старшыня ФПБ.

Яшчэ адна з норм па ўзмацненні абароны правоў працоўных, ініцыіраваная ФПБ, - асобы пенсійнага ўзросту пры іх звальненні ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, кантракта змогуць атрымліваць выхадную дапамогу. На сённяшні дзень ім, у адрозненне аб іншых катэгорый работнікаў, у гэтым праве адмоўлена.

Унесены таксама нормы, якія не дазваляюць спаганяць з работнікаў штрафы, што накладаюцца на арганізацыю.

Згодна з новай рэдакцыяй Працоўнага кодэкса, работнікі, якія выконваюць работы на адкрытым паветры або ў закрытых неабагравальных памяшканнях, будуць мець права на дадатковыя сацыяльныя перапынкі не толькі ў зімовыя месяцы, але і ў іншы час года пры сярэднясутачнай тэмпературы паветра плюс 10. А такая тэмпература характэрна, напрыклад, для лістапада або сакавіка.

Нязменным застаецца пункт, па якім работніка павінны папярэдзіць аб змяненні існуючых умоў працы за 30 дзён. Спачатку прадугледжвалася, што гэты тэрмін скароцяць да 7 дзён.

Захавана норма, згодна з якой прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у абмеркаванні ўмоў кантракта работніка. Гэта неабходна для таго, каб у кантракт былі абавязкова ўключаны гарантыі, што прадастаўляюцца работніку працоўным заканадаўствам і калектыўным дагаворам.

Прынята дапаўненне, у адпаведнасці з якім агульная працягласць прастояў не можа перасягаць сумарна шасці месяцаў на працягу каляндарнага года. Цяпер на працягу года можна некалькі разоў аб'яўляць прастой і кожны раз ён павінен быць не большы за шэсць месяцаў. Часам гэтым злоўжываюць наймальнікі, а церпяць работнікі, у якіх на час прастою змяншаецца аплата працы.

Згодна з новай рэдакцыяй на ўсіх работнікаў будуць распаўсюджвацца палажэнні калектыўнага дагавора аб рабочым часе і часе адпачынку, рэгуляванні ўнутранага працоўнага распарадку, нормах працы, формах, сістэмах, памерах аплаты працы, тэрмінах выплаты і парадку індэксацыі заработнай платы, ахове працы, гарантыях і кампенсацыях, што прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Бакі (наймальнік і прафсаюз) надзяляюцца правам прадугледзець у калектыўным дагаворы парадак і ўмовы распаўсюджвання дзеяння іншых палажэнняў калектыўнага дагавора на работнікаў, ад імя якіх ён не заключаўся.

Пры распрацоўцы законапраекта Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заблакіравала некаторыя прапановы наймальнікаў, якія маглі б значна пагоршыць становішча работнікаў.

Напрыклад, наймальнікі выступалі з прапановай павялічыць гранічна дапушчальную колькасць звышурочных работ у год, а таксама павялічыць максімальную працягласць рабочага дня з улікам звышурочных работ. ФПБ выступіла катэгарычна супраць такой прапановы, паколькі гэта магло прывесці да таго, што людзі не паспеюць адпачыць і аднавіцца пасля рабочага дня.

На сённяшні дзень максімальна магчымая колькасць звышурочных работ - 10 гадзін на тыдзень, 180 гадзін на год. У дзень з улікам звышурочнай работы - не больш за 12 гадзін. За кожную гадзіну звышурочнай работы акрамя налічэння заработнай платы робіцца ўстаноўленая даплата.

Наймальнікі таксама настойвалі на тым, каб не ўстанаўліваць гранічную колькасць дзён неаплатнага або часткова аплатнага водпуску для работнікаў па прычыне часовага спынення работы прадпрыемства. ФПБ выступіла супраць такой нормы, паколькі гэта магло прывесці да злоўжыванняў, і настаяла на тым, што гэта павінна быць абмежаваная колькасць часу.

Дакумент уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання. Гэта значыць фактычна з 2020 года асноўныя правілы на рынку працы будуць вызначацца ўжо новым Працоўным кодэксам.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.