Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.06.2020

Падтрымка прадпрыемстваў ва ўмовах пандэміі будзе ўвязана з выкананнем імі бізнес-планаў - Галоўчанка

Дзяржава акажа кропкава падтрымку прадпрыемствам, якія пацярпелі ва ўмовах пандэміі, але яна будзе строга ўвязана з абавязацельствамі прадпрыемстваў па выкананні бізнес-планаў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час наведвання Мінскага аўтамабільнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Рашэнні будуць прымацца комплексна. Пакуль мы фактычна штодзень ва ўрадзе глядзім усе прадпрыемствы - што можна цяпер зрабіць, каб мінімізаваць негатыўны эфект, які бачым па выніках 4-5 месяцаў гэтага года. Таму рашэнні будуць прыняты, у тым ліку наконт МАЗа, але, зразумела, яны ўсе будуць строга ўвязаны з абавязацельствамі прадпрыемстваў па выкананні паказчыкаў і сваіх бізнес-планаў", - сказаў Раман Галоўчанка. "Калі трэба прадпрыемства падтрымаць і яно па-ранейшаму гарантуе, што выконвае і будзе выконваць свае абавязацельствы, гэта нармальна. Любы ўласнік аказвае падтрымку свайму актыву ў цяжкай сітуацыі. Тут ніякай надзвычайшчыны няма", - дадаў кіраўнік урада. Паводле яго слоў, на падтрымку змогуць разлічваць прадпрыемствы, якія абгрунтавана і аргументавана дакажуць, што з-за складанай сітуацыі ім патрэбна часовая дапамога, што яны выканаюць свае абавязацельствы і вернуць гэту дапамогу дзяржаве ў канчатковым выніку. Што датычыцца механізмаў такой дапамогі, то гэта могуць быць розныя варыянты, пра які-небудзь універсальны інструмент размовы не ідзе. "Умоўна кажучы, як Прэзідэнт вобразна выкарыстаў выраз, "верталётных грошай" не будзе. Інакш кажучы, мы не запампоўваем грошы ў статутны фонд або яшчэ кудысьці. У кожным канкрэтным выпадку будзем глядзець, што задзейнічаць, - бюджэт, даўгавыя інструменты, пазыковыя, банкаўскія інструменты. Гэта будзе не агульнае рашэнне, а кропкавыя меры падтрымкі", - растлумачыў Раман Галоўчанка. Гаворачы аб сітуацыі на Мінскім аўтамабільным заводзе, прэме'р-міністр адзначыў, што прадпрыемства, нягледзячы на вялікі крэдытны партфель, рэгулярна яго абслугоўвае і знаходзіцца ў зоне ўстойлівай плацежаздольнасці, праблем з разлікамі па крэдытах не ўзнікае. "Таму ў гэтым выпадку, хатчэй за ўсё, будуць выкарыстоўвацца класічныя інструменты. Можа быць, дзяржава возьме на сябе субсідзіраванне працэнтнай стаўкі, каб крэдытныя сродкі былі дастаткова таннымі для прадпрыемства, яно змагло іх узяць, вырашыць свае задачы і потым вярнуць", - удакладніў Раман Галоўчанка. Кіраўнік урада таксама адрэагаваў на крытыку, калі падтрымку з боку дзяржавы называюць няправільным крокам. "Пакажыце мне краіну, якая не падтрымлівае свайго вытворцу? - сказаў Раман Галоўчанка. - Чаму мы павінны адыходзіць ад гэтага прынцыпу? Няхай не настолькі ўсёабдымна, але чаму мы не павінны клапаціцца аб сваёй уласнасці? МАЗ - гэта не толькі брэнд, не толькі гісторыя. Гэта актыў дзяржавы. Любы актыў павінен грунтоўна маніторыцца, яму павінна аказвацца дапамога, падтрымка. Таму гэта цалкам нармальна, што дзяржава ўдзяляе ўвагу такім сур'ёзным структурам. Тым больш што гэта працоўныя месцы, усяго ў холдынгу - 20 тыс. чалавек". Крызіс і пандэмія аказалі істотны ўплыў на аўтавытворцаў, продажы грузавых аўтамабіляў цяпер знаходзяцца на даволі нізкім узроўні. Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што расійскі рынак, які з'яўляецца асноўным, цяпер аднаўляецца, але неабходна прымаць хуткія і рашучыя меры, каб быць канкурэнтаздольнымі ў параўнанні з вытворцамі РФ і замежнымі вытворцамі на расійскім рынку. "Улічваючы, што мы знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы, павінны быць роўныя ўмовы доступу на рынак. Але тым не менш пэўныя меры пратэкцыянізму прысутнічаюць па абароне расійскага рынку, стварэнні пераважных умоў для нацыянальных вытворцаў. Таму мы павінны разумець, як у гэтых умовах мы выбудоўваем сваю палітыку, што трэба рабіць, каб не проста ўтрымліваць долю рынку, але і пастарацца яе нарошчваць", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.