Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

11 мая 2020

Даплаты, сацыяльныя льготы і проста ўвага - ні адзін з 4,7 тыс. ветэранаў ВАВ у Беларусі не забыты

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расказала БЕЛТА аб мерах падтрымкі ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

"На 1 мая 2020 года ў рэспубліцы пражывалі 4,7 тыс. ветэранаў вайны і 14,3 тыс. грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Самым узроставым удзельнікам і інвалідам вайны сёння 104 гады, самым маладым (партызанам і падпольшчыкам) - 87 гадоў", - прывялі лічбы ў Мінпрацы, падкрэсліўшы, што клопат аб кожным ветэране ўключае комплекс мер.

З 1 красавіка па 1 мая гэтага года выплачвалася аднаразовая матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і некаторым катэгорыям пацярпелых ад наступстваў вайны. Дапамогу атрымалі 19,3 тыс. чалавек, а гэта 99,98 працэнта. Атрымальнікі, якія засталіся, знаходзяцца не ў Беларусі, але на працягу года грошы ім таксама выплацяць. Агульная сума дапамогі склала Br16,8 млн.

Выплату таксама атрымалі Героі Савецкага Саюза Іван Ільіч Кустаў і Васіль Сяргеевіч Мічурын - па Br2,5 тыс.

Па Br1,7 тыс. выплацілі інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года; асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.

Br900 склала сума выплаты ветэранам вайны з ліку ўзнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле ў гады ВАВ; якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўнiцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў i iншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых гранiц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог; якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года i ўзнагароджаны медалём "За абарону Ленінграда", узнагароджаных знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".

Яшчэ па Br700 атрымалі грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Да іх належаць члены сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта: муж і жонка, якiя не ўступiлi ў новы шлюб; якія маюць інваліднасць з дзяцінства - дзеці і іншыя ўтрыманцы загінулых (браты, сёстры, пасынкі, падчарыцы). Гэта таксама былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па названай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам; інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны альбо з наступствамі ваенных дзеянняў.

"Акрамя гэтага ў нашай краіне для такой катэгорыі прадугледжаны іншыя меры сацыяльнай абароны - дадатковыя штомесячныя выплаты да пенсіі, прадастаўленне дзяржаўных сацыяльных ільгот", - адзначылі ў Мінпрацы. Напрыклад, павышэнні да пенсій ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, вар'іруюцца ад Br31 да Br309.

"Сярэдняя пенсія па ўзросце інвалідаў вайны складае Br766 рублёў, у тым ліку інвалідаў I групы - Br889, II групы - Br847, III групы - Br614. Сярэдняя пенсія па ўзросце ўдзельнікаў вайны складае Br694, - дадалі ў міністэрстве. - У 2020 годзе расходы са сродкаў ФСАН на выплату павышэнняў пенсіі ветэранам вайны і пацярпелым ад наступстваў вайны складуць амаль Br35 млн".

Акрамя таго, ветэранам вайны і іншым катэгорыям непрацуючых пенсіянераў старэйшых за 75 гадоў і старэйшых за 80 гадоў да пенсіі належыць штомесячная даплата (памер залежыць ад узросту). Яе атрымальнікамі з'яўляюцца 201,3 тыс. і 353,4 тыс. чалавек адпаведна. У 2020 годзе на гэтыя даплаты са сродкаў ФСАН будзе накіравана Br385 млн.

Ёсць яшчэ надбаўка на догляд пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, яе атрымліваюць 330,1 тыс. чалавек. Аб'ём фінансавання са сродкаў ФСАН на гэты год - каля Br133 млн.

"Штогод па ўсёй краіне абследуюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы жыцця ветэранаў і пацярпелых ад наступстваў вайны. Калі ў кагосьці з іх ёсць патрэбнасць у дапамозе, яна аказваецца, - сказалі ў Мінпрацы. - Пры падрыхтоўцы да святкаванняў 75-годдзя Перамогі да 1 сакавіка вывучылі ўмовы пражывання амаль 20 тыс. чалавек. Да 1 мая выканалі ўсе заяўкі, якія паступілі ў ходзе абследавання. Сярод праведзеных работ - прыбіранне памяшканняў і мыццё вокнаў, падвоз пячнога паліва, колка дроў, прыбіранне прыдамавой тэрыторыі, апрацоўка прысядзібнага ўчастка, забеспячэнне агароднінай і інш. Дапамогу атрымалі 1342 чалавекі". Яшчэ каля 300 пажылых грамадзян атрымалі ў агульнай колькасці Br43,4 тыс. на рамонт жылых памяшканняў, печаў, электраправодкі, газавага абсталявання, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, каб іх жыццё было ў бяспецы.

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны належаць дзяржаўныя сацыяльныя льготы ў сферы аховы здароўя і санаторна-курортнага лячэння, па праездзе, у жыллёвай сферы і іншыя. Сярод іх бясплатнае забеспячэнне лякарствамі па рэцэптах, бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў у дзяржаўных медустановах, бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі і іншае. Усе ветэраны ВАВ вызвалены ад платы за сацыяльнае абслугоўванне дома.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.