Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

1 кастрычніка 2019

Бюджэт краіны на 2020 год будзе сацыяльна арыентаваны

І забяспечыць эканамічны рост.

Традыцыйна восенню ў парламенце аддаецца асаблівая ўвага рабоце над бюджэтным пакетам. Заключная для дэпутатаў шостага склікання сесія (пачнецца 2 кастрычніка) не стала выключэннем. Алгарытм разгляду бюджэту ўжо выпрацаваны, і яго мяняць не будуць, паведаміў на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка.

«У абавязковым парадку неабходна разгледзець матэрыялы на пасяджэннях пастаянных камісій. Пасля гэтага правесці пашыранае пасяджэнне камісіі па бюджэце і фінансах з удзелам профільных міністраў. Калі неабходна, а я думаю, мы гэта зробім абавязкова, правядзём нулявое чытанне з запрашэннем кіраўніцтва ўрада. Гэта ў нас робіцца традыцыйна. Наша задача, каб бюджэт забяспечваў эканамічны рост і быў сацыяльна арыентаваны», — расказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Падчас пасяджэння дэпутаты разгледзелі парадак работы падчас сёмай сесіі. У праект уключаны 38 пытанняў. Дзесяць законапраектаў будуць заслухвацца ў першым чытанні, дзевяць — у другім. Таксама дэпутатам неабходна ратыфікаваць шматлікія міжнародныя пагадненні і разгледзець два Дэкрэты Прэзідэнта.

Шматлікія законапраекты, работа над якімі будзе ісці падчас сесіі, адносяцца да эканамічнага блока. Гэта, напрыклад, праект аб карэкціроўцы законаў аб натуральных манаполіях, рэкламе, аб аб’ектах, што знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

У сацыяльнай сферы дэпутаты плануюць заслухаць змяненні ў законы аб ахове працы, заробках работнікаў бюджэтных арганізацый, правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, абароне спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, аказанні медыцынскай дапамогі.

«Гэта тыя пытанні, якія хвалююць многіх грамадзян, таму работа над адпаведнымі дакументамі павінна праводзіцца з удзелам шырокага кола грамадскіх арганізацый, з глыбокім аналізам правапрымяняльнай практыкі, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, прагрэсіўнага вопыту замежных дзяржаў», — адзначыў спікер ніжняй палаты парламента.

Уносяцца дапаўненні і ў закон аб лекавых сродках. Яны датычыцца распаўсюджвання прэпаратаў на тэрыторыі краіны. З прыняццем паправак кантроль за якасцю, коштам, распаўсюджваннем лекаў узмоцніцца.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымуць удзел у пасяджэнні Пастаяннай камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі, дзе пройдуць адкрытыя слуханні па правядзенні беларускіх выбараў. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў з удзелам беларускіх дэпутатаў па лініі СНД і АДКБ.

Як ужо неаднойчы заўважаў Уладзімір Андрэйчанка, для новага складу Палаты прадстаўнікоў папярэднікі не павінны пакінуць складаных нявырашаных пытанняў.
 
Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".