Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

13 сакавіка 2018

Старшыня эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс Валдайцаў аб зменах у заканадаўстве

 Паменшаныя памеры штрафаў, адмена канфіскацыі і пашырэнне пераліку змякчальных абставінаў – ужо месяц у краіне дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». Аб асноўных палажэннях дакумента расказаў старшыня эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс Валдайцаў. 

– Дзяніс Станіслававіч, Закон аб унясенні зменаў у КоАП і ПвКоАП не толькі пашырыў пералік абставінаў, якія змякчаюць адказнасць прадпрымальнікаў-парушальнікаў, але і змяніў падыходы да адміністрацыйнай адказнасці. Ці можна ўжо цяпер гаварыць аб тым, наколькі эфектыўныя такія меры?

– Гэта новы падыход, і тое, наколькі ён эфектыўны, пакажа час. Але ўжо цяпер можна выказаць здагадку, што гэтыя меры дадуць магчымасць стымуляваць дзелавую прадпрымальніцкую актыўнасць і акажуць станоўчае ўздзеянне на паляпшэнне бізнес-клімату ў краіне. 
Закон, да прыкладу, павялічыў колькасць правапарушэнняў, за здзяйсненне якіх можна абмежавацца папярэджаннем. Папярэджанне можа быць вынесена за пратэрміноўку прадстаўлення падатковай дэкларацыі да трох працоўных дзён (эканамічны суд не разглядае правапарушэнні па частцы 1 артыкула 13.4 КоАП). А за правапарушэнні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці адказнасць прадугледжана і ў тых выпадках, калі нанесена шкода жыццю і здароўю людзей, створана пагроза гэтаму ці ёсць маёмасная шкода ў памеры больш за сорак базавых велічынь. Па некаторых артыкулах канфіскацыю замянілі штрафам, памер якога залежыць ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. 
А калі прадпрымальнік ліквідуе свае парушэнні і пакрые прычыненую шкоду ў тэрмін да трох працоўных дзён з дня падпісання акта праверкі, такія парушэнні не будуць з'яўляцца адміністрацыйнымі правапарушэннямі. 
– Ці мае зваротную сілу закон?
– Так, мае. Гэта значыць, што ён распаўсюджваецца і на правапарушэнні, здзейсненыя да 31 студзеня 2018 года – дня, калі дакумент уступіў у сілу, і па якім пастанова аб накладанні спагнання не выканана. Гэта значыць вярнуць «залішне» выплачаныя штрафы з бюджэту нельга, а вось калі яны яшчэ не аплачаны – можна знізіць іх памер і аплачваць па новых патрабаваннях. 
– З моманту ўступлення ў сілу зменаў у КоАП і ПвКоАП  суд стаў часцей спыняць разгляд адміністрацыйных спраў? 
– Такая тэндэнцыя мае месца. Толькі з пачатку гэтага года адзначаны ўжо 9 выпадкаў спынення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, тады як за ўвесь мінулы год іх было ўсяго 19. Дробную  правіну даруюць.
– Што звычайна з'яўляецца падставай для спынення справы аб адміністрацыйным правапарушэнні? 
– У асноўным гэта малазначнасць правапарушэння. Гэта такія правіны, якія хоць і маюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, але прычынілі нязначную шкоду. Важна ўдакладніць, што ў цэлым на спыненне справы па малазначнасці ўплывае мноства фактараў. 
Прывяду прыклад справы, разгледжанай яшчэ да ўступлення ў сілу зменаў і дапаўненняў у КоАП і ПвКоАП. Падчас праверкі ў аднаго з прадпрымальнікаў выяўлены пяць аўтазапчастак, на якія не было дакументаў, якія пацвярджаюць іх легальнае набыццё. Тавар быў ацэнены ў 80 рублёў. Прадпрымальнік з пратаколам быў згодны, віну прызнаваў, раней не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Пры такіх абставінах суд спыніў справу па малазначнасці.
КАНТРОЛЬНАЯ ЗАКУПКА ДЛЯ ТАКСІ 
– Наколькі актуальная для вобласці праблема нелегальных таксі? Як часта суд канфіскуе аўтамабілі? 
– Масавых парушэнняў, як гэта было, напрыклад, яшчэ пяць гадоў таму, ужо няма. Калі раней у суд паступала звыш сотні такіх пратаколаў, то ў апошнія гады не больш за 20. 
Адпаведна, усё радзей сталі канфіскоўваць аўтамабілі. У мінулым годзе, напрыклад, быў толькі адзін такі выпадак. У поле зроку падатковых органаў 24-гадовы гродзенец трапіў яшчэ ў 2012 годзе. Тады мужчына абышоўся штрафам. А ў мінулым годзе двойчы трапляўся. Аказалася, што таксаваць па-ранейшаму ён не меў права. Суд прыцягнуў яго да штрафу ў памеры 60 базавых велічынь па адным пратаколе, а па другім аштрафаваў на 40 базавых велічынь і канфіскаваў аўтамабіль Mercedes-Benz S500.
ЗА НАСВАЙ СТРОГА ПАКАРАЮЦЬ 
– У якіх выпадках правапарушальніку не варта разлічваць на паблажлівасць і патуранні пры разглядзе адміністрацыйнай справы? 
– Гэта тычыцца спраў, звязаных з абаротам насваю. Нягледзячы на тое, што гэта не наркаўтрымліваючае рэчыва, вытворчасць і рэалізацыя некурыцельнага тытуню ў нашай краіне забароненыя. З 10 такіх спраў, разгледжаных у мінулым годзе, па 9 суд прыцягнуў правапарушальнікаў да максімальнага штрафу – 50 базавых велічынь.