Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

22 сакавіка 2018

Лепшую медсястру выбралі ў Гродне

Кожны прафесіянал ведае, каб дасягнуць вышынь у сваёй справе, трэба пастаяннае самаўдасканаленне, павышэнне ўласнай кваліфікацыі, абмен вопытам з калегамі і ўдзел у конкурсах. 


Вызначэнне групы крыві – заданне нескладанае, асабліва для прафесіянала медыцыны, які ўжо не першы год у прафесіі. Але Аксана Сідарчук, медсястра з Мастоў, хоць і ведае сваю справу «ад і да», перад конкурсным журы крыху хвалюецца. Зрэшты, абстаноўка на конкурсе, вядома, выклікае  хваляванне, але непасрэдная праца Аксаны куды больш складаная і  адказная.

Аксана Сідарчук: 
– Я працую медсястрой у Мастоўскай ЦРБ у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. У мае функцыянальныя абавязкі ўваходзіць догляд за хворымі, вяртанне іх да жыцця, дапамога ўрачу. Мы даглядаем за хворымі, ставім падключычныя катэтэры, унутрывенныя катэтэры, дапамагаем рабіць спіннамазгавыя пункцыі, праводзім ШВЛ. 

Конкурс прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар – 2018» праходзіць другі год. У мінулым годзе ўжо на рэспубліканскім этапе ўдзельніца з Гродна заняла другое месца. У гэтым годзе, разлічваюць арганізатары, ёсць усе шанцы на лідэрства. Дзевятнаццаць спецыялістаў з усіх раёнаў у чатырох этапах спаборнічалі за званне лепшай медсястры вобласці. Тэарэтычная частка, затым практычная, дзе яны паказвалі майстар-клас, дзе нават банальная ін'екцыя, якія яны робяць штодня, ператваралася ў міні-лекцыю. Маладое пакаленне, якое цяпер вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, у сценах якога і праходзіў конкурс, з цікавасцю назірала за прафесіяналамі. І хоць па-сапраўднаму спазнаць прафесію ім яшчэ толькі трэба будзе, сваё бачанне ідэальнага спецыяліста сваёй справы яны ўжо склалі.

Аляксандра Валодзенка, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа: 

– У першую чаргу, гэта вельмі адказная справа. Яна павінна быць разумнай, павінна добра ведаць сваю справу. 

У сценах Гродзенскага медыцынскага каледжа адносна нядаўна адкрылася сімуляцыйная лабараторыя – адзіная ў сваім родзе лабараторыя па ўсёй рэспубліцы. Тут на курсах павышэння кваліфікацыі практыкуючыя медыкі вучацца і ўдасканальваюць свае веды ў аказанні медыцынскай дапамогі і доглядзе за хворымі. Спецыяльныя накладкі-імітатары рознага роду траўмаў, манекены «ў коме», сімулятары для неанатолагаў, манекены, якія імітуюць родадапамогу і нават пацыента з куксай і стомамі.

Святлана Антановіч, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама:

– Медыцынская сястра – гэта такі спецыяліст, які можа працаваць сёння ў хірургічным аддзяленні, а заўтра ў тэрапеўтычным. Таму яна павінна быць прафесійна падрыхтаваная. У першую чаргу, надаецца вялікая ўвага адпрацоўцы практычных навыкаў у пытаннях неадкладнай дапамогі – гэта значыць, яна павінна быць гатовая да аказання дапамогі пацыентам у любым стане. 

У медыцынскай сястры заўсёды шмат спраў, клопатаў і працы. Аднак удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства – гэта свайго роду павышэнне кваліфікацыі, бо тут – толькі лепшыя ў сваёй справе. Мець цвёрдую ўпэўненую руку, сэрца, напоўненае спачуваннем, і шмат цярпення... Пацыенты бываюць рознымі, і не з кожным бывае проста. Быць медсястрой – гэта часткова прызванне. А калі прызванне злучаецца з высокім прафесіяналізмам – гэта ўжо падобна мастацтву. 



Гродна Плюс