Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

5 красавіка 2018

Інавацыі атрымаюць прапіску. У Гродне ў верасні адзначыць наваселле навукова-тэхналагічны парк

 Ідэі ёсць, патрэбна ініцыятыва  

Навукова-тэхналагічны парк створаны ў жніўні мінулага года і пакуль існуе на арэндаваных плошчах. А 1 верасня плануецца ўрачыста перарэзаць чырвоную стужку ва ўласным будынку па вуліцы Гаспадарчай, 23/2. Зараз там ідуць будаўнічыя работы.

– Што тычыцца навукова-тэхналагічнага парку, зробім там усё, што неабходна, абсталюем па апошнім слове тэхнікі, – адзначыў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падчас пашыранага пасяджэння абласнога навукова-тэхнічнага савета па пытаннях развіцця навукова-інавацыйнай сферы ў частцы ўдасканалення дзейнасці суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры. – Фінансаванне ёсць, працы ідуць. Галоўнае цяпер – укамплектаваць будынак «жыхарамі», і мы чакаем прапаноў ад нашых універсітэтаў. 

У будынку размесцяцца навукова-вытворчыя памяшканні, офісы, будзе абсталяваны канферэнц-зала, пакой перамоў, каворкінг-зона для зносін. Ужо зарэзерваваны памяшканні пад лабараторыю электрадынамічных сістэм і біятэхналагічную, аддзел распрацоўкі праграмнага і апаратнага забеспячэння, ТАА «Бізнес-інавацыі» і «Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання энергазберажэннем», лабараторыю «Палімерныя матэрыялы і вырабы біямедыцынскага прызначэння». Сярод будучых рэзідэнтаў ёсць і замежныя – з Славакіі.

Частка памяшканняў яшчэ чакае арандатараў. 

Уладзімір Краўцоў асабліва падкрэсліў: вну і ўстановы Нацыянальнай акадэміі навук, размешчаныя на Гродзеншчыне, павінны больш актыўна прапаноўваць інавацыйныя распрацоўкі.  Яны ёсць у навукоўцаў і могуць быць падтрыманы фінансава. Аднак гэты працэс не заўсёды ідзе актыўна. Да прыкладу, сродкі з абласнога інавацыйнага фонду выкарыстоўваюцца не цалкам па прычыне адсутнасці заявак і ініцыятыў з боку саміх навукоўцаў і вну. Гэта неабходна выпраўляць.

Быць рэзідэнтам тэхнапарку – вялікая падмога. Як расказаў дырэктар тэхнапарку Аляксандр Васілевіч, арэнда памяшканняў і абсталявання на льготных умовах, падатковыя льготы, садзейнічанне ў прасоўванні прадукцыі – толькі частка выгод, якія прапануе тэхнапарк. А галоўнае – падтрымка, у тым ліку і фінансавая. У тэхнапарку чакаюць прадстаўнікоў навукі, малога і нават буйнога бізнесу. Апошнія, дарэчы, таксама могуць зарэгістраваць там свае даччыныя фірмы і карыстацца льготамі. Галоўнае – інавацыйны характар распрацовак. 

Кіраўніцтва ўніверсітэта і навукова-тэхналагічнага парку ўпэўнена гаворыць, што плошчаў, якія рыхтуюцца да адкрыцця, а гэта крыху больш за тысячу квадратных метраў, будзе для рэзідэнтаў недастаткова. Таму ў перспектыўных планах – яшчэ 4 тысячы квадратных метраў пад інавацыйныя распрацоўкі. І ўжо цяпер універсітэт прымае заяўкі ад патэнцыйных рэзідэнтаў. Улічваючы іх пажаданні і патрэбы, будзе вырабляцца абсталяванне і рамонт памяшканняў пад офісы, лабараторыі і невялікія вытворчасці. 

Уладзімір Краўцоў парэкамендаваў папрацаваць з рэгіёнамі. Да прыкладу, Ліда – вялікі горад, дзе шмат моладзі і, напэўна, ёсць цікавыя ідэі.

Парк новых ідэй 

На сённяшні дзень у Беларусі 13 навукова-тэхналагічных паркаў. На Гродзеншчыне – адзін. Створаны ён па даручэнні абласнога выканаўчага камітэта ў сярэдзіне мінулага года і «вырас» з РУП «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», заснаванага ГрДУ імя Янкі Купалы. 

Не выпадкова менавіта «Тэхналаб» стаў асновай для інавацыйнай структуры.  У гэтага прадпрыемства ўжо ёсць вопыт вытворчай, экспартнай дзейнасці і камерцыялізацыі навуковых распрацовак: тут наладжана распрацоўка і выпуск лабараторных практыкумаў па фізіцы, якія набываюць установы адукацыі не толькі Беларусі, але і іншых краін. 

Асноўная задача, якая стаіць перад тэхнапаркам, – стаць правадніком інавацый, трансфармаваць навуковыя веды ў вытворчыя тэхналогіі.

– Навукова-тэхналагічны парк – гэта вялізныя магчымасці для рэгіёну, – адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. – Па-першае, магчымасць бізнес-інкубіравання і стварэння новых інавацыйных прадпрыемстваў, у тым ліку з прыцягненнем сродкаў абласнога інавацыйнага фонду. Для рэгіёну гэта новыя высокакваліфікаваныя працоўныя месцы, паскоранае развіццё сферы малога бізнесу (льготная арэнда, зніжэнне падатковай нагрузкі і г. д.). Для ўніверсітэтаў – месца вытворчай практыкі студэнтаў, а ў перспектыве і магчымасць іх размеркавання. І, што асабліва важна, дапамога ў камерцыялізацыі навуковых распрацовак. 

Як адзначалі ўдзельнікі нарады, у навукоўцаў Гродзеншчыны дастаткова распрацовак, якія могуць быць запатрабаваныя, і ідэй, якія могуць быць рэалізаваныя. Аднак не заўсёды ёсць неабходная камерцыйная жылка, якая дапамагла б давесці гэтыя ідэі і распрацоўкі да вытворчасці, зацікавіць патэнцыйных пакупнікоў і спажыўцоў, а ў выніку – атрымаць прыбытак. Дапамагчы ў гэтым закліканы тэхнапарк.

Навука для дзяцей 
У вобласці абмяркоўваецца пытанне стварэння ў Гродне дзіцячага або маладзёжнага навукова-тэхналагічнага парку. Сама ідэя не новая. Такія паркі існуюць у розных краінах, некалькі апошніх гадоў ідэя культывуецца і ў Беларусі. Першы тэхнапарк з'явіўся восенню мінулага года ў Мінску на базе Палаца дзяцей і моладзі. 

Неабходнасць стварэння такога парку ўбачылі і ў Купалаўскім універсітэце. Калі прапрацоўвалі бізнес-план тэхнапарку, зразумелі: каб у будучым у яго з'явіліся ініцыятыўныя рэзідэнты, іх трэба вучыць з дзяцінства. 

Пакуль у парка дзве магчымыя назвы – дзіцячы або маладзёжны. У прынцыпе, удзельнікамі яго асобных секцый могуць быць юнакі, пачынаючы з 4-5 гадоў і заканчваючы студэнтамі першых курсаў універсітэтаў. Галоўная задача такога тэхнапарку – у юным узросце выявіць здольных дзяцей, дапамагчы ім з прафарыентацыяй і рэалізацыяй уласных ініцыятыў. Па сутнасці, гэта новы тып установы дадатковай адукацыі.

Яго канцэпцыю прадставіў дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Герман. Сярод асноўных напрамкаў – натуральныя навукі, электроніка і інфармацыйныя тэхналогіі, вынаходніцкая і прадпрымальніцкая дзейнасць, эканоміка, медыявытворчасць, мастацтва і дызайн, а таксама іншыя. 

Як адно з магчымых месцаў размяшчэння дзіцячага тэхнапарку разглядаецца будынак былой медыцынскай акадэміі (у апошні час там размяшчалася ваенная камендатура), што побач з галоўным корпусам Купалаўскага ўніверсітэта. Цяпер яно пустуе. Калі праект ухваляць, пасля рэстаўрацыі ў гістарычным будынку змогуць размясціцца парк навуковых забаў, выставачны цэнтр, кафетэрый, каворкінг-зона, і, што самае галоўнае, – лабараторыі і майстэрні. У выпадку адабрэння праекта яго рэалізацыя магчымая ў 2019 – 2020 гадах.