Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

28 мая 2018

Гульні, музыка і карабель, спушчаны на ваду: Аўгустоўскі канал зноў сабраў сяброў

Фестываль народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» прайшоў ужо ў дзевяты раз на шлюзе Дамброўка. У гэтым годзе гэта першае мерапрыемства, якое адкрывае летні сезон на воднай жамчужыне Прынёманскага краю.

Яркія касцюмы, незвычайныя задумкі і як вынік - шмат усмешак і настрой уік-энду. Свята пачалося карнавалам, і падворкі паўсталі ва ўсёй красе. Кожны куток Гродзенскага раёна рыхтаваўся выглядаць лепш за ўсіх.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў свята звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

- Гэты фестываль дае старт усяму летняму сезону на Аўгустоўскім канале. Вельмі важна праводзіць менавіта такія мерапрыемствы, якія будуць цікавымі і прывабнымі як для нас, так і для замежных гасцей.
Сама назва свята на канале стала за гэтыя гады, па сутнасці, яго ж брэндам - канцэртная праграма лепшы таму доказ. Выступалі на сцэне не толькі гродзенцы, але і сябры Аўгустоўскага канала - калектывы з Расіі. Калі меркаваць па актыўных апладысментах - гледачы рэпертуар ацанілі. І, як прызнаваліся яны самі - Дамброўка, Немнова, ды і ўвесь Аўгустоўскі - ідэальныя месцы для сонечных выхадных. Асабліва, калі свята.

- На гэтым фестывалі мы не ўпершыню. Нават аднойчы я прывозіла сюды наш хор з Путрышак. Сёння прыехала як глядач, з усёй сям'ёй, менавіта на фестываль. Але на Аўгустоўскі прыязджаю не толькі з якой-небудзь нагоды. Заўсёды, калі ў нас госці, я іх абавязкова вязу сюды. Таму што Аўгустоўскі канал - гэта адно з месцаў Гродзеншчыны, якім можна ганарыцца, – распавядае Алена Лукенчук, настаўніца Путрышкаўскай школы.

Аўгустоўскі ўмее і любіць здзіўляць гасцей. І ў гэты раз арганізатары падрыхтавалі шмат забаў. На падворках - гульні і забавы, на самой вадзе былі напагатове катамараны, вакол - выставы і майстар-класы. Абыякавым застацца было вельмі складана.

Але што асабліва добра ў новым сезоне - гэта адчуванне сюрпрызаў - якім ён будзе? Што рыхтуюць рэжысёры і як зменіцца інфраструктура на канале. Аб планах і перспектывах развіцця Аўгустоўскага канала расказаў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

- Мы стараемся зрабіць так, каб на Аўгустоўскім канале было цікава ўсім, хто сюды прыязджае. Хочацца, каб кожны чалавек адчуваў сябе камфортна і мог з упэўненасцю сказаць іншым, што тут можна цікава і з карысцю правесці час. Плануем праводзіць мерапрыемствы амаль кожныя выхадныя, не абавязкова грандыёзныя. Важна паказаць, наколькі гэта прыгожае месца, і што тут заўсёды можна знайсці забаву для кожнага.

Дарэчы, аб летнім сезоне - мерапрыемстваў, праектаў, канцэртаў сапраўды будзе шмат. Сярод іншага ўжо ўсім знаёмае «Свята мора», якое ў гэтым годзе пройдзе 12 жніўня. Абавязкова летам пагуляем у «балотны футбол», і самыя смелыя і творчыя праплывуць «на чым папала».

- У планах стварыць народныя атракцыёны, мястэчкі, арганізоўваць гульнявыя спаборніцтвы, каб госці маглі выбраць заняткі на любы густ. Правялі сацыялагічнае апытанне, нам хацелася даведацца, што яшчэ хочуць убачыць госці на Аўгустоўскім канале. І людзі адгукнуліся - паступілі цікавыя прапановы. Напрыклад, правесці фестываль двайнят або арганізаваць свята на Аўгустоўскім канале для людзей, якія нарадзіліся ў жніўні.

Віктар Лісковіч упэўнены, што гэты летні сезон на канале будзе яркім і запамінальным.
- У гэтым годзе Аўгустоўскі канал упершыню прыме XII Фестываль нацыянальных культур. Мы прапануем гасцям насычаную і цікавую праграму. Будзе вялікае свята, на якім кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці, - дадаў намеснік старшыні аблвыканкама.
Цяперашняе ж свята «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» доўжылася да самага вечара і падарыла гасцям шмат незабыўных эмоцый. Варта праверыць летні каляндар і выбраць наступныя выхадныя - арганізатары абяцаюць новае свята на канале.


Гродзенская праўда