Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэгiёна

12 кастрычніка 2019

Гродна можа далучыцца да «Пагаднення мэраў»

Пакуль абласны цэнтр не ўваходзіць у лік гарадоў, якія ўзялі на сябе абавязацельствы знізіць на траціну выкіды парніковых газаў да 2030 года. Менавіта ў такім кірунку аб'ядноўваюцца гарады свету. А між тым гэты рух ужо даволі актыўны і ў Беларусі, тут налічваецца паўсотні гарадоў — прыхільнікаў еўрапейскай ініцыятывы. З Гродзенскай вобласці ў супольнасці 10 гарадоў і раёнаў. Да «зялёнага» пагаднення гатовы далучыцца і абласны цэнтр.

Трэба сказаць, што акрамя Гродна ў супольнасць пакуль не ўвайшла і Ліда, буйны горад рэгіёна. Менавіта ў гэтых гарадах знаходзіцца большая частка насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў вобласці. Зразумела, што такія гарады аказваюць і большы ўплыў на кліматычныя змены. А, значыць, і выкіды парніковых газаў тут будуць большыя.

Аб тым, як развіваецца ініцыятыва, нядаўна ішла гаворка на сустрэчы па выніках супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза і Гродзенскай вобласці. Старшыня міжнароднай арганізацыі «Экапартнёрства» Юлія Яблонская зазначыла, што пагадненне мэраў — гэта яшчэ і выгадная справа. Еўрапейскі саюз актыўна падтрымлівае крокі ў бок чыстай энергіі праз фінансаванне розных праектаў.

Некаторыя гарады Гродзенскай вобласці ўжо атрымалі такую магчымасць. Напрыклад, Навагрудку, які з'яўляецца падпісантам Пагаднення, выдзелены гранты на ўстаноўку ветрапарка (4 мільёны еўра) і сонечных панэляў (500 тысяч еўра). Апошнія ўстаноўлены ў раённай бальніцы. Можна сказаць, што кожны горад і раён, які ўваходзіць у супольнасць пагаднення мэраў па клімаце, ажыццявіў свой «зялёны» праект. У Мастах ды Іўі вядуцца работы па паляпшэнні якасці вады, У Дзятлаве, Карэлічах і Навагрудку пачалася перапрацоўка цвёрдых бытавых адходаў.

— Гэта ўнікальная ініцыятыва, — кажа Юлія Яблонская, — бо яна дапамагае адаптавацца да змены клімату. Гаворка ідзе аб скарачэнні ўжывання паліўна-энергетычных рэсурсаў у ЖКГ, транспарце, муніцыпальнай гаспадарцы, вулічным асвятленні. Да гэтых праектаў павінны далучыцца дэпутаты і актыўна іх прасоўваць.

На гэтую асаблівасць звярнуў увагу падчас сустрэчы кіраўнік Праграм супрацоўніцтва Прастаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Беранд дэ Гроат. На яго думку, «зялёная» эканоміка — актуальны аспект узаемадзеяння. І гаворка ідзе не проста аб пераводзе аб'екта з аднаго віда паліва на іншы, але аб эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў. У прыватнасці, будаўніцтва ветрагенератараў, выкарыстанне сонечных батарэй, біяпаліва.

Дарэчы, першы вятрак па праграме ЕС у Навагрудку стаў прыкладам для прыватных кампаній. Яны ўстанавілі ў гэтай зоне ветрапарк, які налічвае 13 энергаўстановак. Такім чынам «зялёная» энергетыка тыражуецца ў краіне.

Аргументы сапраўды слушныя. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык. Ён паведаміў, што гэта тэма ў хуткім часе будзе дэтальна абмяркоўвацца гарадскімі ўладамі.

— Трэба займацца «зялёнай» энергетыкай. Ёсць перспектыва падпісаць пагадненне мэраў, але напачатку трэба распрацаваць праграму ўстойлівага развіцця і зацвердзіць на сесіі гарсавета. Думаю, мы гэта зробім, — запэўніў Андрэй Болтрык. — Рэалізацыя праграмы дазволіць выканаць умовы па скарачэнні шкодных выкідаў. Я не магу сказаць, што ў нас пагражальныя абставіны ў гэтым плане. Такога няма. Ёсць рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі — замена вулічнага асвятлення, уцяпленне тарцовых фасадаў ды іншае. Мы вядзём гэтую работу, але па сваёй схеме. Трэба будзе ўзгадніць нашы пазіцыі, зыходзячы з еўрапейскага вопыту, каб палепшыць экалогію. Гэта цікавая ініцыятыва, і мы абавязкова ў ёй прымем удзел.

Усяго ў Гродзенскай вобласці зараз рэалізуецца 60 трансгранічных праектаў на 30 мільёнаў еўра.
 
Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".