Афіцыйны сайт
22 студзеня 2020

З любоўю да Радзімы. Адкрыты раённы конкурс патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маей” адбыўся ў Ваўкавыскім гарадскім Доме культуры

Арганізатары гэтага штогодняга мерапрыемства — Ваўкавыскі райвыканкам, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкамы галіновых прафсаюзаў, КПБ і БРСМ.

Напачатку з невялікай прадмовай выступіў старшыня Ваўкавыскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, першы сакратар райкама КПБ Віктар Паўловіч. “На разагрэве” гля­дзельнай залы па-за конкурсам парадавала ўсіх песняй пра сінюю хусцінку наша вядомая спявачка Тамара Выстаўкіна. А потым вядучыя пачалі выклікаць удзельнікаў.

На сёлетні конкурс было пададзена 29 заявак, а ўсіх выканаўцаў у суме налічылася 95. Яны прадстаўлялі арганізацыі, установы адукацыі і культуры, творчыя аб’яднанні раёна. Іх майстэрства аценьвала вельмі кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі Віктар Паўловіч, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспуб­ліканскі саюз моладзі” Кацярына Аляшкевіч, а таксама работнікі ўстаноў культуры: мастацкі кіраўнік Ваўкавыскага ГДК Жанна Шаракова, два магістры мастацтваў-лаўрэаты міжнародных конкурсаў — стыпендыят Прэміі Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь, выкладчык па класу баяна Гродзенскага дзяржаунага музычнага каледжа Андрэй Жукоўскі і настаунік па класу баяна і акардыёна гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Юрый Рышкель, старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў працы аддзела культуры райвыканкама Аляўціна Лапшына і загадчык аддзела па правядзенню культурных мерапрыемстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Ланіна.

Шмат цудоўных і кранаючых душу твораў прагучала ў гэты дзень. Песні, прысвечаныя роднай краіне, мужнасці яе абаронцаў у ліхія ваенныя гады, любові да сваёй малой радзімы і захапленню яе прыгажосцю, у поўнай меры адпавядалі крытэрям патрыятычнасці. А выканаўцы ўкладалі ў свае выступленні самыя шчырыя пачуцці.

У выніку журы мела цяжкую задачу. І вось нарэшце абвяшчаюцца імёны пераможцаў.

У катэгорыі “салісты з 16 да 25 гадоў” першае месца прысуджана вучаніцы СШ № 5 Карыне Заўражэнай; “салісты з 25 да 35 гадоў” — Алесі Чурак з гімназіі № 2.

Сярод дуэтаў, трыо і квартэтаў першае месца не аддалі нікому, другое заняў дуэт у складзе Мікалая Зубко і Дзмітрыя Былінскага з Ваўкавыскага дзіцячага дома.

Лепшай з вакальных груп і хароў прызнана вакальная група СШ № 3.

Для выканаўцаў аўтарскай песні зрабілі дзве намінацыі. Ксенія Ярмонава з Ваўкавыскага каледжа ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы” выступіла з уласнай песняй “Гімн маладых” і стала пераможцай. А вакальная група аграрнага каледжа з аўтарскай песняй Браніславы Жардзецкай і Аляксандра Мінько “Наш агракаледж” перамагла ў намінацыі “выканаўцы песен пра моладзь мясцовых аўтараў”.

Гран-пры конкурса атрымала вучаніца СШ № 4 Таццяна Недведзь, якая прадстаўляла студыю “АРТ ВАКАЛ”.
































Пераможцам уручаюцца сімвалічныя статуэткі ад РК БРСМ і дыпломы ад раённага аб’яднання прафсаюзаў. Спецыяльныя прызы райкама КПБ, раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі: дуэт Аляксей Урублеўскі і Валянціна Амеліна, Анастасія Босак, Алена Пазняк, Іна Траян, Мікіта Недзялкоўскі, Віялета Буча, Браніслава Жардзецкая і Аляксандр Мінько.

Апрача гэтага, ўсе выканаўцы, якія прадстаўлялі ўстановы адукацыі, былі узнагароджаны райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а калектыў мастацкай самадзейнасці Ваўкавыскага аграрнага каледжа атрымаў сертыфікат на набыццё мікрафонаў ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Не забыліся і пра тых, хто, не шкадуючы сіл і часу, штогод рыхтуе вакалістаў і музыкантаў да ўдзелу ў гэтым конкурсе, пераможца якого атрымлівае права прадстаўляць раён на абласным этапе “Сэр­ца зямлі маёй”. Ім аб’яўлены падзякі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. А Аляўціне Аляксандраўне Лапшыной Віктар Паўловіч ад Камуністычнай партыі ўручыў памятную медаль М.В. Ламаносава за шматгадовую плённую дзейнасць на ніве культуры і адукацыі.

Асобную падзяку аргкамітэт выказвае аднаму з галоўных спонсараў мерапрыемства — дырэктару ТАА “Ваўкавыскі бізнес-цэнтр” Аляксандру Кузьмянкову.

Цяпер будзем чакаць абласного этапа конкурсу, які звычайна праводзіцца ў Гродна ў сакавіку.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".