Афіцыйны сайт
23 кастрычніка 2017

Восеньскі кірмаш у Вярэйках

У рамках агляду-конкурсу брэндавых мерапрыемстваў Вярэйкаўскі Дом культуры правёў “Восеньскі кірмаш”.

З ранку ў Вярэйках была мітусня: на пляцоўцы зоны адпачынку гучала вясёлая музыка, усе спяшаліся на кірмаш. Прыгожыя, рознакаляровыя арэлі з маляванымі конікамі яшчэ здалёку прыцягвалі да сябе ўвагу. Пад час тэатралізаванага прадстаўлення каларытныя гаспадыні са сцэны зазывалі ўсіх на шчодрае восеньскае свята, а цыганы з мядзведзем ўздымалі настрой гандлярам і пакупнікам. Кожны мог паўдзельнічаць у вясёлых танцах, аукцыёнах, забавах, спаборніцтвах і гульневай праграме “Без капусты — пуста”.

На працягу усяго свята жыхары і госці маглі набыць патрэбную прадукцыю, якую прывезла на продаж РСКУП “Ваўкавыскае”, прыватныя прадпрымальнікі з суседніх раёнаў і мясцовыя жыхары. Чаго тут толькі не было: садавіна і гародніна, рыба і сыры, зерне, мёд, саджанцы і вырабы народных промыслаў. Па ходу закупаў можна было пачаставацца гарачым чаем з блінамі, паслухаць выступленні артыстаў.

Па агульным меркаванні кірмаш атрымаўся на славу.