Афіцыйны сайт
1 чэрвеня 2018

Урокі бяспекі ў 3D. У дзень абароны дзяцей Дзяржаўтаінспекцыя правяла абласную акцыю «Дзіця — галоўны пасажыр»

Супрацоўнікі АДАІ Ваўкавыскага РАУС, УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама разам з калегамі з МУС Расійскай Федэрацыі арганізавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак заняткі ва ўнікальным аўтобусе-трэнажоры ДІБДР МУС РФ. «Здзейсніць паездку» на такім аўтобусе, які дазваляе мадэляваць некаторыя дарожныя сітуацыі, было цікава не толькі дзецям, але і дарослым. Знутры ён нагадвае 3D-кінатэатр. Крэслы пасажыраў, абсталяваныя рамянямі бяспекі, утойваюць сакрэт: яны могуць рэзка нахіляцца наперад на 45 градусаў, «мадэлюючы» становішча ў салоне падчас рэзкага тармажэння або сутыкнення.

Па ходзе ўяўнага падарожжа інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Людміла Ракевіч нагадала дзецям правілы паводзін у транспарце, расказала, як варта паводзіць сябе падчас той ці іншай няштатнай сітуацыі. А затым дзеці змаглі сваімі вачыма ўбачыць і нават адчуць, што адбываецца з пасажырамі, калі аўтобус трапляе ў аварыю. Паколькі ўсе яны перад «паездкай» прышпіліліся, вядома ж, ніхто не пацярпеў. Затое яны ўбачылі, што здараецца з тымі, хто забывае пра рамяні бяспекі: ляльку-манекен Гошу літаральна выкінула з крэсла на падлогу.

У трэнажоры такое «падтрэсванне» выклікала ў хлопцаў вясёлы смех, а вось у рэальнай сітуацыі яны маглі б атрымаць сур'ёзныя траўмы. Думаецца, пасля такога практычнага ўрока ніхто са школьнікаў, якія пабывалі ва ўнікальным класе на колах, ужо не забудзе прышпіліць рамяні бяспекі.

У канцы занятка пасажыры падрыхтавалі эвакуацыю з аўтобуса ў выпадку задымлення. Акрамя таго, падчас акцыі ўсе жадаючыя маглі здзейсніць экскурсію ў аддзел Дзяржаўтаінспекцыі, наведаць інтэрактыўную пляцоўку бяспекі, пазнаёміцца з рознымі экспанатамі службы аховы, ДАІ, МНС, а таксама пасядзець у патрульных аўтамабілях і на матацыклах, прымерыць спецвопратку, патрымаць у руках спецсродкі.

Наш час