Афіцыйны сайт
31 сакавіка 2018

У «залатой сярэдзіне». Дэмаграфічная сітуацыя на Гродзеншчыне за 2 месяцы 2018 года была разгледжана 28 сакавіка на пасяджэнні Савета па дэмаграфічнай бяспецы Гродзенскай вобласці, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі

 Былі абмеркаваны, акрамя таго, пытанні працы сродкаў масавай інфармацыі па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прафілактыцы п'янства і алкагалізму, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама стварэння неабходных умоў для раўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных і турыстычных мерапрыемствах.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч нагадаў аб тым, што на здароўе і, як следства, на дэмаграфічную сітуацыю ўплывае не толькі фізіялагічны стан, але і ўмовы пражывання людзей — паклапаціцца пра гэта павінны ўсе зацікаўленыя службы. З дакладам па асноўным пытанні парадку дня выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Андрэй Стрыжак.
На фоне вобласці ў цэлым Ваўкавыскі раён размясціўся ў «залатой сярэдзіне». Са станоўчага боку можна адзначыць такія немалаважныя факты: мы ўваходзім у лік шасці раёнаў Гродзеншчыны, дзе ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам адзначаны рост колькасці народжаных (на 3 дзіцяці больш), і ў лік шасці раёнаў з найбольшым зніжэннем колькасці памерлых (на 17%). Узровень агульнай смяротнасці на Ваўкавышчыне за два месяцы года склаў 13,8 на 1000 насельніцтва пры сярэднеабласным паказчыку 14,6; знізіўся і ўзровень смяротнасці ў працаздольным узросце — да 4,1 на тысячу насельніцтва пры сярэднеабласным 4,7. Негатыўныя тэндэнцыі таксама ёсць, але яны больш прыватныя — гэта рост смяротнасці ад хвароб органаў стрававання (з 5 да 6 чалавек) і рост колькасці памерлых у працаздольным узросце па прычыне сардэчна-сасудзістых захворванняў (з 9 да 11 чалавек).
А вось вобласць на фоне рэспублікі па паказчыку смяротнасці выглядае не лепшым чынам — цяпер на Гродзеншчыне ён адзін з горшых у краіне. Прычын таму можа быць некалькі, і, як заўсёды бывае, яны, складаючыся разам, адмоўна ўплываюць на сітуацыю. Па словах кіраўніка аблздрава, медыцынскае кіраўніцтва вобласці насцярожвае сітуацыя з анкалагічнымі захворваннямі, а дакладней — з выяўленнем іх на ранняй стадыі. Нярэдкія выпадкі, калі дыягназ ставіцца толькі пры абследаванні ў абласным цэнтры, хоць выявіць захворванне цалкам па сілах урачам па месцы жыхарства. І Андрэй Стрыжак, і Віктар Лісковіч, гаворачы аб вырашэнні праблем, звярталі ўвагу на неабходнасць больш далікатнай работы з кадрамі, на адказнасць за здароўе людзей медыцынскага персаналу раённага ўзроўню, а таксама на аснашчэнне раённых медустаноў неабходным абсталяваннем — у гэтым медыкам рэкамендавалі больш актыўна заклікаць на дапамогу раённыя ўлады. Зрэшты, варта больш уважліва ставіцца не толькі да анкалагічных, а і да ўсіх астатніх захворванняў, пільна выяўляць іх у пачатковых стадыях, а вызначальнымі ў гэтым павінны стаць прафагляды, правядзенне якіх неабходна зрабіць больш якасным. Кіраўнікі цэнтральных раённых бальніц раёнаў, у якіх дапушчаны найгоршыя дэмаграфічныя паказчыкі, зрабілі справаздачу аб прычынах і мерах пераадолення дадзенай сітуацыі.
Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прафілактыцы п'янства, алкагалізму, шкодных наступстваў ужывання самагону і нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, а таксама правапарушэнняў і злачынстваў гаварыў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Была зроблена выснова, што па ўсіх гэтых кірунках вядзецца работа, адзінае — рэдакцыям СМІ, магчыма, трэба самім больш актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі розных спартыўных спаборніцтваў (пастаянныя чытачы нашай газеты ведаюць, што «Наш час» ужо не першы год уваходзіць у лік арганізатараў Кубка абаронцаў Айчыны па шатакан каратэ-до, а з мінулага года наша рэдакцыя стала заснавальнікам спаборніцтваў па велатрыялу, якія праходзяць падчас святкавання Дня горада). Віктар Лісковіч пажадаў творчым калектывам СМІ рабіць большы акцэнт на аналітыку, ярчэй працаваць з жывым словам, не застаючыся бесстароннімі люстэркамі хронікі падзей.
Завяршылася размова тэмай стварэння неабходных умоў для раўнапраўнага ўдзелу інвалідаў у фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных і турыстычных мерапрыемствах. З інфармацыяй выступіла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. У якасці станоўчых прыкладаў аб'ектаў, дзе шмат робіцца для людзей з інваліднасцю, былі названы аграсядзіба «Селяхі» Ваўкавыскага раёна і нашы блізкія суседзі — аграсядзіба «Фальварак «У Рыся», што на Свіслаччыне. Пры абмеркаванні пытання раёнам было рэкамендавана наладзіць сістэмную працу па ўключэнні гэтых людзей у актыўнае грамадскае, у тым ліку і спартыўнае жыццё, ствараць для іх фізкультурна-аздараўленчыя групы.