Афіцыйны сайт
9 верасня 2017

У Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі імя П. І. Баграціёна адкрылася выстава беларускага мастака Мікалая Трафімавіча Бандарчука

Выстава, а дакладней сумесны праект мастакоў, паэтаў і музыкаў Беларусі, атрымаў назву «Сугучнасць часу». Па задумцы ўдзельнікаў, ён аб'яднаў адразу тры музы, каб пазнаёміць жыхароў вобласці з творчасцю мастака Мікалая Бандарчука, паэтаў Гродзеншчыны і інструментальнымі творамі ў выкананні мясцовых музыкаў. Мікалай Бандарчук - старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення «Саюза мастакоў Беларусі», лаўрэат прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ім. А. Дубко ў намінацыі «Настаўнік года». За дасягненні ў галіне мастацтва мастак узнагароджаны ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» і медалём Францыска Скарыны.

Мікалай скончыў каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, а затым - аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Яго настаўнікамі былі народныя мастакі БССР Леанід Шчамялёў і Гаўрыла Вашчанка. Мастацтвазнаўцы бачаць у творчасці Мікалая Бандарчука прыкметны ўплыў гэтых прызнаных майстроў, адзначаючы і яго ўласны арыгінальны стыль. 

У 1985 Мікалай Бандарчук ўступіў у Саюз мастакоў Беларусі. Працуе ў галіне станковага жывапісу і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Ужо больш за дваццаць гадоў Мікалай Трафімавіч перадае свае веды маладому пакаленню мастакоў: спачатку быў прафесарам кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я. Купалы, а з 1998 года выкладае малюнак, жывапіс і кампазіцыю на аддзяленні «Дызайн» Гродзенскага каледжа мастацтваў.

 - Ёсць мастакі, якія атрымалі прафесію. Яны працуюць, калі ёсць заказы. Памятаю, быў час, калі многія добрыя прафесійныя мастакі аддавалі свае майстэрні, таму што не было заказаў. А ёсць мастакі па прызванню. Калі няма заказаў на манументальнае мастацтва, яны займаюцца графікай, жывапісам. Таму што не працаваць не могуць ... - лічыць Мікалай Трафімавіч.

Ён і сам адносіцца да мастакоў па прызванню. З'яўляецца пастаянным удзельнікам міжнародных пленэраў, творчых праектаў, выстаў. Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і ў іншых музеях краіны, а таксама ў прыватных калекцыях у Польшчы, Украіне, Літве, Германіі, Іспаніі, Францыі, Італіі, Даніі.

 Праект «Сугучнасць часу» з'яўляецца свайго роду працягам праекту «Дыялог з часам», які праходзіў у студзені мінулага года ў Гродне, дзе сустрэліся мастакі і паэты, якія прачыталі свае вершы, прысвечаныя мастацтву. Тады і ўзнікла ідэя працягваць знаёміць жыхароў Гарадзеншчыны не толькі з работамі майстроў выяўленчага мастацтва, але і з творамі паэтаў-землякоў, а таксама добрай музыкай у выкананні мясцовых музыкаў. У гэтым годзе праект "Сугучнасць часу» пабываў у Гродне і Шчучыне, а зараз прыехаў у Ваўкавыск.

Сярод прадстаўленых на выставе карцін Мікалая Бандарчука - лірычныя пейзажы, натурныя эцюды, ваенна-патрыятычныя працы. У іх кожны знойдзе блізкія сэрцу вобразы і матывы. Камусьці запомняцца «Брамы восені» і «Букет для Марыяны», кагосьці ўразіць «Халоднае бязмоўе», хтосьці  надоўга спыніцца каля карціны «Рэха» і разглядзіць ў ёй філасофскія вобразы Рэя Брэдберы. А жыхароў нашага раёна, безумоўна, не пакіне абыякавымі пейзаж «Праабражэнне», на якім немагчыма не пазнаць знакамітыя «Краснасельскія Мальдывы». Ім прысвечаны выдатны верш Людмілы Кебіч, які наведвальнікі выставы пачулі ў выкананні аўтара. Знакамітая гарадзенская паэтка, ураджэнка г. п. Краснасельскі, а таксама паэт і літаратуразнаўца Дзмітрый Радзівончык і наша зямлячка Людміла Шаўчэнка, якая шмат гадоў жыла і працавала ў Ваўкавыску, прымаюць актыўны ўдзел у праекце «Сугучнасць часу». Яны прачыталі свае вершы, напісаныя пад уплывам творчасці Мікалая Бандарчука, падзяліліся сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад карцін. Музычнымі творамі падтрымалі атмасферу педагогі Ваўкавыскай ДМШ Алена Здановіч і Яраслаў Нікановіч.

Наведвальнікі выставы падзякавалі ўсім удзельнікам праекта за выдатную магчымасць далучыцца да жывапісу, паэзіі і музыкі. Плануецца, што праект праедзе па Беларусі, а затым, магчыма, адправіцца і за мяжу. Карціны Мікалая Бандарчука можна ўбачыць у музеі да 29 верасня.