Афіцыйны сайт
9 кастрычніка 2017

У Ваўкавыскім раёне прайшла акцыя «Чысты лес»

Добраахвотная акцыя па навядзенні парадку ў лясах Беларусі праводзіцца 7 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі на працягу вось ужо больш за 10 гадоў. 

І ў гэтым годзе ўсе работнікі ДЛГУ «Ваўкавыскі лясгас» прынялі ўдзел у гэтай акцыі, якая праводзілася сёння, паведаміў намеснік дырэктара лясгаса Сяргей Рыгоравіч Ламека. Чысціць ад смецця лясныя масівы, прыдарожныя палосы, дэндрапаркі выйшлі і работнікі лясной аховы, і ляснічыя, і майстры, і прадстаўнікі адміністрацыі. У сённяшняй акцыі бяруць удзел таксама школьнікі і настаўнікі, сябры ГА «БРСМ», «Белая Русь» і іншых грамадскіх арганізацый. Далучыліся да памочнікаў прыроды члены працоўных калектываў арганізацый раёна, актыўны ўдзел прынялі супрацоўнікі РАУС.

 Асаблівая ўвага надавалася афіцыйным і неафіцыйным месцам масавага адпачынку. У горадзе Ваўкавыску гэта, у першую чаргу, такія месцы, як вадасховішча або дамба, бераг ракі Рось каля КСОМа, лясны масіў у раёне прыватнай забудовы Ваўкавыска-Цэнтральнага.

 - Штогод у ходзе акцыі «Чысты лес» мы вывозім некалькі грузавікоў смецця, кажа Сяргей Ламека. - Радуе, што столькі людзей адгукнулася на наш заклік зрабіць лес чысцейшым і ў гэтым годзе. Тэлефанавалі нават пенсіянеры. Не ўсе маглі выехаць з намі ў лес, але таксама падключыліся да акцыі - прыбіралі смецце каля сваіх дачных участкаў, гаражоў. Калі ўсе будуць памятаць пра тое, што смецце за сабой трэба прыбіраць, нашым лясам будзе лягчэй дыхаць, і людзі самі атрымаюць больш задавальнення, прыходзячы ў лес па дары прыроды. 

Відэа можна паглядзець ТУТ