Афіцыйны сайт
15 красавіка 2018

У Роскім аддзяленні раённага цэнтра рамёстваў адкрылася выстава работ майстрыхі Майі Сакач

Па прафесіі Майя Анатольеўна бухгалтар, працуе ў санаторыі «Энергетык». А вольны час прысвячае любімаму занятку — вышыўцы. Упершыню ўзяўшы ў рукі іголку і пяльцы 11 гадоў таму, з тых часоў майстрыха ў дасканаласці авалодала тэхнікай «падліковы крыж» і стварае сапраўдныя шэдэўры рукадзелля. Пейзажы і партрэты, нацюрморты і малюнкі жывёл уражваюць дасканаласцю выканання і рэалістычнасцю.

Вышыўка — карпатлівая праца, асабліва калі гаворка ідзе аб вялікіх карцінах са складанай каляровай гамай. Кожны крыжык — чатыры ўколы іголкай, а ў рабоце памерам 20 на 30 см такіх крыжыкаў больш за 18 тысяч... На стварэнне шэдэўра майстрыхе патрэбныя не толькі навыкі, але і велізарнае цярпенне. Ну і, вядома ж, натхненне.
«Натхненне» — такую назву атрымала выстава, на якой прадстаўлена 21 работа ў розных жанрах. Першымі яе наведвальнікамі былі сябры і калегі Майі Іванаўны, якія прыйшлі падтрымаць майстрыху ў гэты знамянальны дзень.
Карціны майстрыхі быццам зараджаюць станоўчай энергіяй. І гэта нядзіўна, бо крыжык — той жа маленькі плюсік, а значыць, кожная праца складаецца з суцэльных плюсаў і нясе велізарны станоўчы зарад. Ацаніць энергетычную сілу мастацтва і падзарадзіцца ад вышываных шэдэўраў могуць усе жадаючыя. Выстава будзе працаваць да 18 мая.

Наш час