Афіцыйны сайт
27 мая 2018

У ГДК прайшоў штогадовы адкрыты турнір па інтэлектуальных гульнях на Кубак Ваўкавыскага аддзялення фонду міру «Моцная сям'я — моцная дзяржава»

У ім прынялі ўдзел 7 дарослых і 12 дзіцячых каманд, якія згулялі тры гульні: «Сваю гульню», «Медыяазбуку», і, вядома ж, «Што? Дзе? Калі?».

Барацьба за перамогу ў кожнай з гульняў праграмы была напружанай. Сапернікі змагаліся за кожнае ачко. Па суме прызавых месцаў перамогу атрымала каманда «Крэмень», якая заняла першае месца ў «Сваёй гульні» і «Што? Дзе? Калі?», а таксама трэцяе ў «Медыяазбуцы». Увесь камплект узнагарод сабрала каманда «Ньюс-В», заняўшы трэцяе месца ў «Сваёй гульні», другое ў «Што? Дзе? Калі?» і першае ў «Медыяазбуцы». Акрамя таго, у прызёры патрапілі «Элементарна, Ватсан!» (другое месца ў «Што? Дзе? Калі?»), «Рызыка», (трэцяе месца ў «Што? Дзе? Калі?») і «Салагі» (другое ў «Медыяазбуцы»).
Сярод дзіцячых каманд лепшы вынік паказалі каманды «Марвел» (СШ № 5, трэнер Алена Бяляева) і «Эцюд у барвовых танах» (ЦТДіМ, трэнер Марына Бабіч). Пераможцам былі ўручаны прызы і дыпломы ад Ваўкавыскага аддзялення фонду міру.
Акрамя таго, спецыяльныя прызы ўручылі ганаровыя госці турніру. Турнір «Моцная сям'я — моцная дзяржава», прысвечаны тыдню сям'і, для ваўкавыскіх інтэлектуалаў — асаблівая падзея.  Для многіх нашых знаўцаў інтэлектуальныя гульні даўно сталі сямейным захапленнем. У адной або розных камандах гуляюць муж і жонка, бацькі і дзеці, браты і сёстры. Таму не выпадкова адзін з спецыяльных прызоў турніраў прызначаецца такой сям'і. У гэтым годзе дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юлія Касталомава свой прыз уручыла сям'і Бяляевых з каманды «Ньюс – В». Старшыня праўлення Беларускай Лігі бацькоў і педагогаў «Крок за крокам» Тамара Навасад уручыла прыз лепшай дзіцячай камандзе, якой была прызнана каманда «Марвел». Самая жаночая каманда «Салагі» атрымала прыз ад члена Прэзідыума раённага савета ГА «Беларускі саюз жанчын» Ніны Бойка. У завяршэнне турніру па традыцыі знаўцы пажадалі поспехаў выпускнікам дзіцячага клуба «Ваўкавыскія ваўкі», пажадаўшы поспехаў на новых турнірах і выпрабаваннях, якіх яшчэ нямала будзе ў дарослым жыцці.