Афіцыйны сайт
13 красавіка 2018

Рыхтуемся да працоўнага семестра. Упершыню на Ваўкавышчыне арганізуецца студатрад, які будзе працаваць у курортным горадзе Анапа

 Не за гарамі лета. Для часткі моладзі гэта будзе час адпачынку, хтосьці сёння плануе паступаць у навучальныя ўстановы, ну а хтосьці вырашыць правесці цёплыя месяцы з карысцю: заняць свой час працай і зарабіць. Прычым тыя, хто працуе арганізавана, у складзе студэнцкіх атрадаў, карыстаюцца шэрагам ільгот — да прыкладу, іх заробак у студатрадзе не абкладаецца падаходным падаткам. Арганізацыя занятасці моладзі — адна з асноўных задач Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Аб тым, як у раёне ідзе падрыхтоўка да летняга працоўнага семестра, мы гутарылі з першым сакратаром Ваўкавыскага райкама ГА «БРСМ» Максімам ХАРЫТОНІКАМ.
— Максім, колькі моладзі нашага раёна гэтым летам плануецца працаўладкаваць?
— У планах працаўладкаванне больш за 650 чалавек. Аднак гэта не значыць, што, калі мы дасягнем гэтай лічбы, тых, хто жадае, прымаць не будзем. На працягу ўсяго лета  райкам будзе актыўна працаваць, таму будзем рады ўсім, хто пажадае працаваць.
— Якія студатрады будуць працаваць?
— Пераважная колькасць — сельскагаспадарчыя атрады, яны будуць арганізаваны ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна. Акрамя таго, будуць працаваць сэрвісныя атрады — на вузле паштовай сувязі, педагагічныя. Упершыню мы спрабуем арганізаваць міжнародны студэнцкі атрад педагагічнай накіраванасці, які будзе працаваць у Расійскай Федэрацыі, у курортным горадзе Анапа. Туды мы адправім дзве змены па 20 чалавек кожная: першую з 1 чэрвеня па 15 ліпеня, другую — з 15 ліпеня па 29 жніўня.
— На якім этапе зараз падрыхтоўка да арганізацыі працоўнага семестра?
— Цяпер у нас дагаворная кампанія, заключаем з арганізацыямі раёна дагаворы на дзейнасць студатрадаў. Пачалі маштабную акцыю «Запішыся ў студэнцкі атрад», якую будзем праводзіць да 1 ліпеня, прыйдзем у кожную ўстанову адукацыі раёна.
— Моладзь якога ўзросту можа папрацаваць у студатрадах?
— Запісацца ў студатрад могуць усе жадаючыя ва ўзросце ад 14 да 31 года — і школьнікі, і студэнты, і працоўная моладзь, якая знаходзіцца ў адпачынку.
— Як можна запісацца ў студатрад?
— Для ўсіх жадаючых ёсць магчымасць зрабіць гэта прама ў хаце, не выходзячы на вуліцу — у групе райкама БРСМ у сацыяльнай сетцы "УКантакце" па адрасе https://vk.com/brsm_volkovysk. Там размешчана анкета, запоўніць якую можна за пяць хвілін, затым супрацоўнікі райкама яе праглядаюць і па выніках анкетавання прапануюць працаўладкавацца ў той ці іншы студатрад. Ну і, вядома, можна прыйсці асабіста ў райкам БРСМ па адрасе: г. Ваўкавыск, вуліца Дзяржынскага, 3 (будынак райвыканкама), кабінет 215. Усю цікавую інфармацыю можна ўдакладніць па тэлефонах: 4-56-96, 4-44-07 (факс), мой мабільны +375-29-792-24-07.

На фота: разам — весялей! Навучэнцы педкаледжа, удзельнікі сельскагаспадарчага студатрада, у верасні мінулага года дапамагалі гаспадаркам раёна ўбіраць ураджай бульбы.

Наш час