Афіцыйны сайт
24 сакавіка 2018

Пытанні ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны былі разгледжаны сёння на пасяджэнні райвыканкама

На днях у адным з цэхаў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» адбыўся няшчасны выпадак са смяротным зыходам. Ваўкавыскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па факце парушэнняў правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне цялесных пашкоджанняў другой асобе. Канчатковая прававая ацэнка будзе дадзена па выніках расследавання.

Але ўжо цяпер ясна, што прычыны вытворчага траўматызму і меры іх папярэджання павінны быць дасканала вывучаны і прааналізаваны.

Пытанні рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзій Дыско, намеснік начальніка крымінальнай міліцыі па аператыўна-вышуковай рабоце УУС Гродзенскага аблвыканкама Валерый Козел, намеснік начальніка аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Курдупель, кіраўнікі раённай улады, дэпутаты, прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама, устаноў і арганізацый, сельсаветаў, грамадскасці.

Былі заслуханы даклады намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Галавача, пракурора Ваўкавыскага раёна Андрэя Скурата, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяны Янкоўскай, першага намесніка начальніка РАНС Аляксандра Ганчарэнка, намесніка начальніка РАУС - начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргея Сцепанцэвіча.

У раёне арганізавана мэтанакіраваная праца па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны. Яна ўключыла ў сябе барацьбу з п'янствам, самагонаварэннем, прафілактыку бытавой злачыннасці, кантроль за паводзінамі асоб, якія стаяць на ўліку ў РАУС. 

Асноўны акцэнт засяроджаны на прафілактыцы злачынстваў і здарэнняў, якія ўчыняюцца ў сферы сямейна-бытавых канфліктаў на глебе ўжывання спіртных напояў, барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва. 

Так, у 2017 годзе праведзены комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні і прыцягненні да адказнасці асоб, якія ажыццяўлялі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з увозам і рэалізацыяй на тэрыторыі краіны алкагольнай прадукцыі.

У 2017 годзе ў 4 дарожна-транспартных здарэннях на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна пацярпела 5 дзяцей (без выпадкаў гібелі). У парадку рэагавання супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгулярна разглядалі пытанні прафілактыкі дзіцячага траўматызму. Надавалі павышаную ўвагу агульнай бяспецы дарожнага руху на вуліцах населеных пунктаў і аўтамабільных дарогах, асабліва паблізу ўстаноў адукацыі. Правялі 40 планавых абследаванняў арганізацый Ваўкавыскага раёна, па выніках якіх вынеслі 81 прадпісанне аб устараненні парушэнняў. 

Невыкананне правілаў бяспекі і аховы працы ў 2017 годзе прывяло да 18 выпадкаў вытворчага траўматызму на прадпрыемствах Ваўкавыскага раёна, у 7 з якіх работнікі атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. 

Па выніках пасяджэння прынята рашэнне, закліканае ўмацаваць грамадскую бяспеку і дысцыпліну з вызначэннем адказных службовых асоб, пастаўлены новыя задачы, устаноўлены тэрміны для іх выканання. 

Наш час