Афіцыйны сайт
24 ліпеня 2017

Прадстаўнікі Ваўкавыска прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў "Віцебск-2017»

У рамках «Славянскага базару» прайшоў міжнародны фестываль творчасці інвалідаў "Віцебск-2017». Яго арганізатарам было грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў». Удзел у ім прынялі і прадстаўнікі Ваўкавыска. 

Мерапрыемства набыло свой высокі статус дзякуючы таму, што ў ім традыцыйна прымаюць удзел інваліды не толькі з усіх абласцей Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Малдовы і іншых рэспублік. Сёлета геаграфія ўдзельнікаў абмежавалася Расіяй, Казахстанам і Латвіяй. У гэтым годзе фестываль быў прысвечаны памяці народнага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Ціхановіча, а старшынёй журы выступіў вядомы кампазітар Ігар Лучанок. 

Фестываль праходзіў на працягу двух дзён. У рамках фестывалю - канцэрт-конкурс па выканальніцкіх відах мастацтва, які адбыўся ў Палацы культуры Чыгуначнікаў, і гала-канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў творчасці інвалідаў, які праходзіў на адкрытай пляцоўцы культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна». Эстрадны вакал прадставіў выхаванец аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Эдгар Скакун. Рыхтавацца да фестывалю яму дапамагалі работнікі ГДК Таццяна Ляшчук і Аляксандр Мельнікаў.

 На выставу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці свае працы ў Віцебск прывезлі старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Раіса Віктараўна Грыз (вышыўка крыжыкам) і Юрый  Леванчук з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, які займаецца вырабам лялек. Усе яго экспанаты ручной працы былі па вартасці ацэненыя журы, якое прысудзіла нашаму таленавітаму земляку першае месца. Юрый быў узнагароджаны дыпломам пераможцы і каштоўным падарункам. 

Удзельнікі фестывалю ўдзячны за садзейнічанне ў арганізацыі паездкі намесніку старшыні райвыканкама Ігару Кашкевічу і дырэктару цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аляксандру Каралю.