Афіцыйны сайт
9 ліпеня 2019

"Нас — 366, і мы — з вёскі-нябожчыцы..." У мемарыяльным комплексе “Шавулічы” ушанавалі памяць бязвінна загінуўшых жыхароў

Для Ваўкавышчыны ў календары падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дата 7 ліпеня 1943 года — адна з самых трагічных. Напярэдадні на мастоўскай дарозе быў забіты нямецкі ўрач, і, хаця фашысты ведалі, што ў бліжэйшай да месца забойства вёсцы Шавулічы партызанаў не было, яны вырашылі адпомсціць — проста таму, што гэта была бліжэйшая вёска.

Гэта было крывавае Купалле… На досвітку ворагі па спісах сагналі ўсіх вяскоўцаў у будынак школы і адрыну, а затым расстралялі і падпалілі вёску. З трохсот шасцідзесяці шасці жыхароў не пашкадавалі нікога — ні жанчын, ні старых, ні немаўлят. Тры дні варушылася зямля на месцы брацкай магілы цэлай вёскі, аднак фашысты не падпускалі туды нікога. Тры дні ішоў над Шавулічамі дождж, і, здаецца, сама прырода аплаквала душы бязвінных ахвяр нечалавечай жорсткасці акупантаў…




























































































































































Пасля вайны вёска так і не адрадзілася. Наўрад ці хто змог бы жыць на тым месцы, дзе адбыліся такія жудасныя падзеі. І толькі ў дзень Купалля штогод тут бывае шматлюдна: з розных гарадоў і вёсак прыязджаюць сюды людзі, каб аддаць даніну памяці жыхароў Шавулічаў. Яны ўдзельнічаюць у жалобным мітынгу, глядзяць драматычную пастаноўку, падрыхтаваную работнікамі культуры раёна, схіляюць галовы падчас хвіліны маўчання, ускладаюць кветкі да помнікаў мемарыялу. І няма, напэўна, ніводнага чалавека, сэрца якога не кранула б гэтая трагічная старонка гісторыі.












































































































































Памяць пра трагедыю Шавулічаў, усе 366 жыхароў якіх загінулі, не згасае ў людскіх сэрцах, а перадаецца з пакалення ў пакаленне. Юная Ксенія Альшэўская расказала нам, што ў вёсцы жылі родныя і знаёмыя яе прабабулі Любові Язерскай, якая жыла на хутары Тадзіно, а ў Шавулічы хадзіла на танцы. Сяброўка Любы ўзяла шлюб, аднак доўга і шчасліва пражыць сям’ёй лёсам ёй не было наканавана: 7 ліпеня яе расстралялі разам з малым дзіцём, якому споўніўся толькі месяц. А Люба ў гэты дзень чула стрэлы з боку вёскі, пабегла глядзець, што здарылася, аднак у Шавулічы яе не пусцілі…






















































































































































Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".