Афіцыйны сайт
7 сакавіка 2018

На базе раённай бібліятэкі адбылася творчая сустрэча клуба "Экватар"

 Штогод 3 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень пісьменніка.

Гэтае свята аб'ядноўвае мноства людзей: паэтаў, празаікаў, драматургаў і прыхільнікаў літаратуры. Так і мерапрыемства "Пісьменнікі роднага краю", якое прайшло ў гэты дзень у Ваўкавыскай раённай бібліятэцы, сабрала ўсіх аматараў літаратурнай творчасці. Гасцямі свята сталі члены літаратурнага клуба «Экватар», які функцыяніруе на базе бібліятэкі Цэнтральнага Дома афіцэраў у Мінску.

Паэты, празаікі, барды, кампазітары, чытальнікі і прыхільнікі жанру эстрадных мініяцюр – клуб ужо на працягу некалькіх гадоў аб'ядноўвае мноства цікавых і амбіцыйных маладых людзей. Таленавітыя «экватараўцы» ўжо не ўпершыню прыязджаюць у Ваўкавыскую раённую бібліятэку, і кожная сустрэча з імі ператвараецца ў сапраўднае свята. Тут гучалі вершы пра вясну, пра каханне Алы Шыковіч, філасофская лірыка Клаўдзіі Максімавай, Вячаслава Данілава, гумарыстычнае апавяданне Вікторыі Бялькевіч. Асабліва яркім было выступленне лаўрэата конкурсаў бардаўскай песні Веры Лебядзеўскай.

Сярод удзельнікаў клуба былі і нашы землякі – Мікалай Іваноўскі і Тэрэза Кавальчук, якія пазнаёмілі ўсіх са сваёй творчасцю. У канцы сустрэчы ўсе жадаючыя змаглі набыць шосты нумар альманаху "Літаратурны экватар", які прадставіла шэф-рэдактар Інга Вінарская, а таксама асабістыя зборнікі аўтараў з аўтографам.