Афіцыйны сайт
10 ліпеня 2017

Міхаіл Сіцько: «Дадому мы з'ехалі з добрым настроем і пачуццём выкананага абавязку ...»

 І газета "Наш час", і іншыя СМІ Беларусі ўжо неаднаразова паведамлялі, што ў IV Форуме рэгіёнаў, які адбыўся ў Маскве 29-30 чэрвеня, у ліку дэлегатаў быў і кіраўнік Ваўкавыскага раёна, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Міхаіл Міхайлавіч Сіцько. З гэтай нагоды мы задалі яму некалькі пытанняў.

 - Прадстаўляць Беларусь на мерапрыемстве такога ўзроўню - гэта і вялікі давер, і высокі гонар. Скажыце, Міхаіл Міхайлавіч, як праводзілася  вылучэнне дэлегатаў на форум?  Чыя гэта была ініцыятыва - прапанаваць вашу кандыдатуру? 

- Як вядома, сама ідэя правядзення форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі як новай пляцоўкі для дыялогу з'явілася з ініцыятывы Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча і старшыні Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Мацвіенка. І першае мерапрыемства такога плану адбылося ў 2014 годзе ў Мінску, дзе абмяркоўвалася развіццё АПК. У 2015 годзе гасцей ужо прымаў расійскі горад Сочы - там абмяркоўвалася прамысловая палітыка. У 2016 - зноў Мінск, дзе на парадку дня стаялі пытанні супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы. У 2017 годзе форум рэгіёнаў упершыню адбыўся ў Маскве, і галоўнай тэмай для абмеркавання сталі высокія тэхналогіі. 

Як я апынуўся ў складзе афіцыйнай дэлегацыі? Напярэдадні правядзення чацвёртага форуму кожная камісія верхняй палаты вылучала з ліку сенатараў па 3-4 чалавекі. Прымалася пад увагу тое, наколькі трывала завязаныя дзелавыя сувязі расійскіх рэгіёнаў з нашымі беларускімі рэгіёнамі, якія прадстаўлялі сенатары. Паколькі ў Ваўкавыска наладжаны трывалыя шматгадовыя кантакты з Гусевам і Уладзімірам, прапанавалі маю кандыдатуру. Акрамя мяне ад Гродзенскай вобласці ў афіцыйную дэлегацыю былі ўключаны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, генеральны дырэктар ААТ "Гродзенскі мясакамбінат" Анатоль Грышук, а таксама старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Узначаліў дэлегацыю Гродзеншчыны губернатар Уладзімір Краўцоў. А дэлегацыю Беларусі - Міхаіл Мясніковіч.

 У кожным з форумаў прымалі ўдзел і прэзідэнты нашых краін - Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.  - Што далей значылася на парадку дня афіцыйнай дэлегацыі? 

- У Маскву мы вылецелі чартарным рэйсам на самалёце «Боінг-737» з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» 28 чэрвеня ў 11.00, а прызямліліся ва «Унукава-2» праз 1 гадзіну 20 хвілін. Нас пасялілі ў гасцініцы «Палессе» Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі на вуліцы Марасейка. А ў 19.00 гэтага ж дня на прагулачнай яхце мы адправіліся на цеплаходную экскурсію (круіз) па Маскве-рацэ. Прыгожае гэта было відовішча: добраўпарадкаванае рэчышча, берагі  ў граніце і мармуры, мноства судоў - вельмі прывабнае месца для турыстаў і выгаднае для развіцця турыстычнага бізнесу. Тут мы і пазнаёміліся з Валянцінай Мацвіенка.
Назаўтра ў складзе афіцыйнай дэлегацыі ўдзельнічалі ў адкрыцці спецыялізаванай выставы, а затым - у падпісанні пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. Свае найноўшыя распрацоўкі ў ліку іншых беларускіх рэгіёнаў тут прэзентавалі і арганізацыі Гродзенскай вобласці - ГрДУ імя Янкі Купалы, ААТ «Гродна Азот». Прадукцыю прадстаўлялі ААТ "Гродзенскі мясакамбінат", "Малочны свет», «Гроднахлебпрам» і наш ваўкавыскі "Беллакт". А культурную сферу прадстаўляў фальклорны калектыў «Жывіца» Гродзенскага раёна. 
Далей мы працавалі па секцыях, якіх усяго было 7. Я быў вызначаны ў пятую секцыю, якая абмяркоўвала праблемы «Ад рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі да супрацоўніцтва гарадоў і раёнаў: новыя магчымасці і перспектывы". Таксама ў секцыях абмяркоўваліся пытанні «Аб стымуляванні развіцця канкурэнтаздольных высокатэхналагічных вытворчасцей Расіі і Беларусі»; «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў сферы інавацыйнай дзейнасці і высокіх тэхналогій»; «Роля інфармацыйных тэхналогій у развіцці інстытутаў грамадзянскай супольнасці Саюзнай дзяржавы»; «Праблемы і перспектывы гарманізацыі заканадаўства ва ўмовах інтэграцыйнага развіцця Беларусі і Расіі"; «Супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх ІТ-кампаній на рынках Расіі і Беларусі, а таксама трэціх краін»; «Развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі. Дыверсіфікацыя ўзаемнага гандлю. Бар'еры і спосабы іх ухілення».
 У плане форуму было наведванне яго ўдзельнікамі тэхнаполіса, тэхнапаркаў і маскоўскай электроннай школы, тэхнаполіса «Масква», тэхнапаркаў «Навуковы парк МДУ» і «ИТЭЛМА», дзяржаўнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установы Масквы «Школа № 2095«Пакроўскі квартал».
 Я стаў удзельнікам чацвёртага пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, якое адбылося ў Кангрэс-цэнтры. У Маскоўскім дзяржаўным музычным тэатры фальклору «Руская песня» пад кіраўніцтвам народнай артысткі РФ Надзеі Бабкінай нам паказалі выдатны бліскучы канцэрт.
- Зараз давайце перанясемся ў «Экспацэнтр» ...
 - Так, 30 чэрвеня мы працавалі ў Цэнтральным выставачным комплексе «Экспацэнтр» на Краснапрэсненскай набярэжнай. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё і пленарнае пасяджэнне на тэму «Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства». Былі заслуханы выступленні ўдзельнікаў Форуму рэгіёнаў аб ролі Саюзнай Дзяржавы ў развіцці абедзвюх краін. У ходзе абмену думкамі прагучала і такое: калі 28 краін Еўрасаюза адмянілі роўмінг паміж сабой у тэлефонных зносінах, то чаму і нам не пайсці па такім шляху? Прапанову падтрымалі Валянціна Мацвіенка і Міхаіл Мясніковіч.
 Завяршылася пленарнае пасяджэнне прыняццем выніковага дакумента чацвёртага Форуму і прыёмам ад імя Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціны Мацвіенка ў гонар удзельнікаў форуму. 
У гэты дзень былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, выступілі губернатар Пскоўскай вобласці А. А. Турчак, старшыня Віцебскага аблвыканкама Н. Н. Шарстнёў, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. У. Пуцін і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Г . Лукашэнка. Валянціна Мацвіенка далажыла аб пікеце, які быў наладжаны жыхарамі Масквы, якія далі высокую ацэнку прадукцыі беларускіх таваравытворцаў і папрасілі, каб яна была больш прадстаўлена на расійскім рынку.
 Дарэчы, да часу прыбыцця прэзідэнтаў у ЦВК «Экспацэнтр» сталі вядомыя папярэднія вынікі перамоваў прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў Беларусі і Расіі: сума заключаных кантрактаў склала без малога паўмільярда долараў, былі падпісаны не менш за 77 пагадненняў рознага ўзроўню.
 Гродзеншчына правяла перамовы з кіраўніцтвам Арэнбургскай і Саратаўскай абласцей, Стаўрапольскага краю па пытаннях пашырэння супрацоўніцтва. З прадстаўнікамі ўрада Рэспублікі Комі дасягнута дамоўленасць аб наведванні дэлегацыяй гэтай рэспублікі выставы-кірмашу «Еўрарэгіён «Нёман», якая адбудзецца ў верасні. Мэр Гродна правёў перамовы з мэрам Волагды. Генеральны дырэктар ААТ "Гродзенскі мясакамбінат" Анатоль Грышук падпісаў кантракт з кіраўніцтвам маскоўскай кампаніі «Смак дзяцінства» на пастаўку каўбасных вырабаў на 200 млн расійскіх рублёў. Усяго ж прадпрыемствы нашай вобласці заключылі гандлёвыя кантракты на 60 млн долараў.
 Затым прэзідэнты Беларусі і Расіі працягнулі работу  ў Крамлі на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. І тут Валянціна Мацвіенка прапанавала падумаць над магчымасцю адмены роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Пытанне дэлегавана для прапрацоўкі спецыялістамі. 
Таксама, акрамя традыцыйных, былі абмеркаваны і праблемы супрацоўніцтва, накіраванага на захаванне патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу і ўзаемадзеяння ў аграпрамысловым сектары. Гаварылася аб метадах, якія стымулююць іх развіццё і забеспячэнне свабоднай узаемнай пастаўкі прадукцыі на рынкі абедзвюх краін. 
Падводзячы вынікі працы ў Крамлі, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дасягнутыя дамоўленасці актывізуюць далейшае развіццё ўсяго спектра двухбаковых адносінаў, і запэўніў, што нашы дзяржавы маюць намер цалкам задзейнічаць саюзны патэнцыял для ўстойлівага развіцця і павышэння ўзроўню дабрабыту брацкіх народаў. А Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ўзаемавыгадная раўнапраўная інтэграцыя з Беларуссю ў рамках агульнай Саюзнай дзяржавы – гэта  адзін са стратэгічных прыярытэтаў развіцця Расіі.

- Ці заставаўся  ў вас час для самастойнага знаёмства з расійскай сталіцай? 
- Вечарамі па заканчэнні афіцыйных мерапрыемстваў я гуляў на Чыстых сажалках, пабываў і на Чырвонай плошчы. Дарэчы, 33 гады таму, у 1984 годзе, будучы салдатам, я праходзіў па Краснай плошчы ў складзе ваеннага разліку як удзельнік ваеннага параду. 
На жаль, цяпер няма такой ганаровай варты і не чуваць крокаў маладых абаронцаў Радзімы пад бой крамлёўскіх курантаў. Успаміны пра тыя дні маёй маладосці чамусьці навеялі сум ... 
Аднак дадому мы з'ехалі ў добрым настроі і з пачуццём выкананага абавязку. У чарговы раз быў падтрыманы курс на інтэграцыю Беларусі і Расіі, падпісаны дзясяткі пагадненняў на сотні мільёнаў долараў, а ў нататніку з'явілася нямала новых адрасоў дружбы, у візітоўніцы - дадатковых візітак. І гэта пацверджанне таго, што нашы сувязі будуць працягвацца, пашырацца і мацнець.

 - Звычайна ў фінале падобных мерапрыемстваў плануецца месца правядзення будучага форуму ...

 - Гэта так. Прынята рашэнне, што пяты Форум рэгіёнаў адбудзецца у 2018 годзе ў Беларусі, а канкрэтнае месца яго правядзення яшчэ будзе агаворана.

 - Дзякуй за цікавую гутарку.


Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш Час"