Афіцыйны сайт
25 красавіка 2018

Корпус рэактара для другога энергаблока даставяць з Расіі на Беларускую АЭС у верасні

 Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

 "У гэтым годзе восенню мы павінны пачаць мантаж абсталявання рэактарнай устаноўкі на другім энергаблоку. Корпус рэктара павінен прыбыць у верасні, да канца гэтага года пачнём яго мантаж", - расказаў Міхаіл Міхадзюк.

На першым энергаблоку корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары ўжо зманціраваны. Завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энергаблока - гэта ключавая падзея для падрыхтоўкі да запуску першага блока. 
Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, усе кантракты на пастаўку асноўнага абсталявання падпісаныя, значная частка ўжо адпраўлена расійскімі заводамі-вытворцамі ў Астравец. "Абсталяванне для АЭС праходзіць шматступенны кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці і непасрэдна пры паступленнi на пляцоўку станцыі", - падкрэсліў намеснік міністра.
Сёння Астравецкі раён наведваюць удзельнікі прэс-тура "Узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў сферы ядзернай энергетыкі", які праходзіць у Беларусі 23-24 жніўня. Прадстаўнікі СМІ вывучаць працу інфармацыйнага цэнтра АЭС, азнаёмяцца з будаўніцтвам горада энергетыкаў, сустрэнуцца з байцамі зводнага беларуска-расійскага студэнцкага будатрада, а таксама пабываюць на аб'ектах БелАЭС. Арганізатарамі прэс-тура выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі.
У будаўніцтва Беларускай АЭС ужо ўкладзена каля $ 2,7 млрд. Міхаіл Міхадзюк нагадаў, што расійскі бок таксама прадаставіў Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт у суме да $ 10 млрд для фінансавання 90% кошту кантрактаў па будаўніцтву АЭС.
 Станцыя ў Астраўцы ўзводзіцца расійскім бокам пад ключ, генеральным падрадчыкам выступае АТ "Атамбудэкспарт". Для рэалізацыі праекта БелАЭС з расійскім бокам падпісаны міжурадавыя пагадненні, у тым ліку аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах, у будаўніцтве атамнай электрастанцыі, у сферы ядзернай бяспекі.
Гаворачы пра графік будаўніцтва, намеснік міністра адзначыў, што планы ўвесці першы энергаблок у 2019 годзе, другі - у 2020-м сёння пацвярджаюцца "Расатамам". 
 Беларусь адказала на ўсе пытанні Літвы па АЭС у Астраўцы, але гэтая тэма палітызуецца літоўскім бокам. 
Гаворачы пра выбар пляцоўкі для будаўніцтва і прэтэнзіі Літвы з гэтай нагоды, намеснік міністра нагадаў, што быў праведзены беспрэцэдэнтна вялікі аб'ём пошукаў на дзясятках пляцовак, дзе патэнцыйна магла б разгарнуцца атамная будоўля. У выніку вырашана было выбраць Астравец, паколькі там не выяўлена ні аднаго фактару, які ўплываў бы на бяспеку будучай станцыі.
"Мы адказалі на ўсе пытанні нашых суседзяў, але пытанне перарасло ў палітычную плоскасць", - адзначыў Міхаіл Міхадзюк. Намеснік міністра звярнуў увагу, што Літва таксама мела намер будаваць атамную станцыю і нават разглядала магчымасць рэалізацыі расійскага праекта, з-за якога цяпер прад'яўляе прэтэнзіі Беларусі. "Гэта палітыка двайных стандартаў, - лічыць ён. - Спажывец купіць тое, што лепш, якасней і танней. Тое ж прымяніма і да электраэнергіі". 
Міхаіл Міхадзюк нагадаў, што будаўніцтва АЭС павінна павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі і знізіць залежнасць ад паставак прыроднага газу. Так, з запускам станцыі спажыванне газу знізіцца на 5 млрд куб.м у год, выкіды парніковых газаў у атмасферу - на 7-10 млн т штогод.
Прыярытэтам пры будаўніцтве БелАЭС з'яўляецца бяспека і надзейнасць. Галоўнай асаблівасцю праекта ВВЭР-1200 з'яўляецца ўнікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі, якія робяць станцыю максімальна ўстойлівай у адносінах да знешніх і ўнутраных уздзеянняў. 
Пры рэалізацыі атамнага праекта Беларусь цесна супрацоўнічае з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з МАГАТЭ, пастаянна запрашаючы місіі агенцтва, з Сусветнай асацыяцыяй арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі, дадаў Міхаіл Міхадзюк.
На Беларускай АЭС зманціравана 82% арматуры і выкладзена 69% бетону, паведаміў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара РУП "Беларуская АЭС" - начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Андрэй Баркун. 
Паводле апошняй інфармацыі, з пачатку будаўніцтва атамнай электрастанцыі зманціравана 130,5 тыс. т арматуры (82% ад агульнага аб'ёму, прадугледжанага праектнай дакументацыяй) і выкладзена 817 тыс. куб.м бетону (69% ад агульнага аб'ёму). 
Паўнамаштабна разгорнуты будаўніча-мантажныя работы на 123 з 130 аб'ектаў і збудаванняў першага і другога энергаблокаў. Асноўнае энергетычнае абсталяванне для станцыі цалкам закантрактавана, вядзецца яго выраб і пастаўка па меры гатоўнасці на пляцоўку будаўніцтва. Дапаможнае абсталяванне закантрактавана на 75%. Фінансаванне будаўніцтва АЭС і аб'ектаў інфраструктуры забяспечана ў неабходным аб'ёме.
На першым энергаблоку зманціраваны корпус рэактара, усе чатыры парагенератары, кран эстакады транспартнага шлюза. У будынку рэактара другога энергаблока выконваюцца працы па наладжванню ўнутранай ахоўнай абалонкі. Скончаны будаўніча-мантажныя работы на пускарэзервовай кацельні, вядуцца пуска-наладачныя работы. 

БелТА