Афіцыйны сайт
26 мая 2018

Ірына Касцевіч: «Задача ўлады на месцах – праводзіць актыўную палітыку занятасці»

Пытанні арганізацыі работы па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» абмеркаваны з удзелам міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч на семінары ў аблвыканкаме.

У семінары прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, намеснік дырэктара цэнтра інфармацыйных тэхналогій Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Таццяна Юшкевіч.

Былі разгледжаны пытанні, якія тычацца стану рынку працы Гродзеншчыны, арганізацыі работы пастаянна дзеючых камісій па садзейнічанні занятасці, правядзення мерапрыемстваў, неабходных для стварэння базы дадзеных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы.
Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што мэта дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва – максімальна палепшыць сітуацыю на рынку працы. Яна падкрэсліла, што над рэалізацыяй норм дакумента сумесна працуюць розныя структуры і ведамствы. А асноўная задача – забяспечыць занятасць і індывідуальны падыход да кожнага чалавека, не дапусціць сацыяльнай напружанасці.
Міністр адзначыла, што сітуацыя на рынку працы паляпшаецца. На яе думку, гэтаму спрыяе як эканамічны рост, так і шматвектарная работа, якая праводзіцца ў рэгіёнах па садзейнічанні занятасці. Закранаючы сітуацыю ў Гродзенскай вобласці, міністр адзначыла, што тут, як і ва ўсёй краіне ў цэлым, узровень агульнага беспрацоўя зніжаецца.
– У Гродзенскай вобласці выстраена сістэмная праца па садзейнічанні занятасці насельніцтва, што ўплывае на паляпшэнне сітуацыі на рынку працы і дазваляе ў тым ліку перавыконваць ключавыя прагнозныя паказчыкі па працаўладкаванні, – адзначыла Ірына Касцевіч.

Яшчэ адзін важны паказчык, які характарызуе стан рынку працы, – актыўнасць руху рабочай сілы. Ён ацэньваецца па прынятым і звольненым супрацоўнікам. Тэмпы росту  прыёму на працу апярэджваюць тэмпы росту звальнення – гэта добра характарызуе рынак працы ў рэгіёне. У вобласці скарацілася і вымушаная няпоўная занятасць, у два разы зменшылася колькасць арганізацый, якія сутыкаліся з такой праблемай.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў вобласці на 1 мая склаў 0,6%. Пры гэтым на аднаго беспрацоўнага прыпадае па чатыры вакансіі. Такая ж сітуацыя адзначаецца і ў іншых рэгіёнах краіны.
Гродзенская вобласць дэманструе добрыя вынікі па якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці – лепш спрацавалі толькі Мінск і Брэсцкая вобласць. Найлепшы гэты паказчык у Гродзенскім, Шчучынскім, Смаргонскім раёнах.
– Нягледзячы на тое, што ў Гродзенскай вобласці складваецца добрая сітуацыя па садзейнічанні занятасці насельніцтва, існуе патэнцыял працоўных рэсурсаў, які трэба ўцягваць у эканоміку. Задача ўлады - на месцах праводзіць актыўную палітыку занятасці. Гэта значыць, трэба ісці да чалавека, прапаноўваць яму перанавучанне, перападрыхтоўку, забяспечваючы максімальнае працаўладкаванне нашых грамадзян. Такі кірунак працы з людзьмі, не ўцягненымі ў эканоміку, вызначаны ў краіне як прыярытэтны, – адзначыла Ірына Касцевіч.
Як падкрэсліла міністр, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і ў далейшым павінны быць арыентаваны на стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці. Яна таксама праінфармавала, што да 1 снежня завершыцца стварэнне базы дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы. Пілотную версію плануецца падрыхтаваць да 1 верасня. У далейшым база будзе актуалізавацца штоквартальна. 
Акрамя таго, у цяперашні час завяршаецца фарміраванне пастаянна дзейных камісій па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У іх склад уключаюцца спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкамаў, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – тыя, хто штодня напрамую маюць зносіны з насельніцтвам.
– Задача камісій – забяспечыць занятасць насельніцтва на месцах, пры гэтым у кожным выпадку неабходны індывідуальны падыход, а ён можа быць забяспечаны толькі ў цесным узаемадзеянні ўсіх адказных службаў, – адзначыла Ірына Касцевіч. – Важна растлумачваць людзям патрабаванні Дэкрэта і расказваць аб усіх магчымасцях рынку працы.
Ужо фарміруецца пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія будуць служыць падставай для выключэння з базы працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы.
Міністр нагадала, што ўключаных у спіс працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, з 1 студзеня 2019 года будуць аплачваць па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслуг, гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка 2019 года – газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне.
На семінары абмеркавалі шэраг арганізацыйных і практычных момантаў. Удзельнікі сустрэчы змаглі задаць міністру пытанні, якія іх цікавяць.

Гродзенская праўда