Афіцыйны сайт
7 красавіка 2018

Дыктатура тэхналогій — гэта вельмі важна. Меркаваннем аб Рэспубліканскім семінары-нарадзе «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» дзеліцца кіраўнік Ваўкавыскага раёна Міхаіл Сіцько

Рэспубліканскі семінар-нарада «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны» з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся ў нашай краіне 3 красавіка. У ім прыняў удзел і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Ваўкавыскага раёна Міхаіл Сіцько. Сёння мы гутарым з ім з гэтай нагоды.

— Вельмі важна, што мерапрыемства рэспубліканскага маштабу прайшло напярэдадні пасяўной. Яно, безумоўна, дапамагло наладзіць аграрную галіну на высокаэфектыўную працу і вызначыцца з асноўнымі напрамкамі для прыкладання сіл. Адбылася дзелавая, а часам і жорсткая размова аб тым, як забяспечыць атрыманне добрага ўраджаю і годнай заработнай платы на сяле, знізіць сабекошт сельгаспрадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць на знешніх і ўнутраных рынках, а таксама дзе шукаць крыніцы для павышэння эфектыўнасці выкарыстання прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што попыт у першую чаргу будзе за вынік.

Ён таксама выказаў сваё перакананне, што пры сучасным узроўні тэхналогій і абсталявання, захаванні вытворчай дысцыпліны ўжо цяпер можна павысіць эфектыўнасць гаспадарання не менш чым у паўтара раза. Вы з гэтым згодныя?

— Абсалютна. Узяць хоць бы строгае захаванне тэхналогіі вытворчасці. У земляробстве, напрыклад, многае губляецца ад няправільнага размеркавання пасяўных плошчаў. А севазварот з'яўляецца асновай аграрнай галіны. Правільнае ўнясенне мінеральных і арганічных угнаенняў пад культуры дае магчымасць для атрымання максімальна высокіх ураджаяў і максімальнай аддачы ад пасяўных плошчаў. У нашым раёне ён павінен быць набліжаны да спецыялізацыі па жывёлагадоўлі і забеспячэнню паўтарыгадовага запасу кармоў у мэтах устойлівага атрымання высокіх удояў малака і павышэння аб'ёмаў вытворчасці ялавічыны і свініны.

Нямала губляецца ад невыканання тэрмінаў узворвання і сяўбы. У нашым раёне, каб забяспечыць правядзенне гэтых работ у аптымальныя тэрміны, прыцягваецца дапамога арганізацый неаграрнага сектара: на поле згодна з рашэннем райвыканкама прамысловыя прадпрыемствы пашлюць 24 механізатары, 9 вадзіцеляў, а таксама 11 трактароў, 3 пагрузчыкі і 9 аўтамабіляў.

Усяго ж патрэба ў механізатарах складае ў нас каля 500 чалавек. Тыя, каго не хапае, як я ўжо сказаў, будуць прыцягнуты з прамысловых прадпрыемстваў, а таксама 4 чалавекі накіраваны з іншых работ у гаспадарках. Будуць задзейнічаны і 2 выпускнікі ПТВ.

Зніжае ўрадлівасць глеб недахоп угнаенняў, што ў выніку прыводзіць да недабору ўраджаю і дэфіцыту кармоў. І далей па ланцужку — негатыўна адбіваецца на аддачы ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, прыводзіць да фінансавых страт у галіне. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў называў такую лічбу: толькі ў жывёлагадоўлі і толькі з-за парушэння рэгламентаў у мінулым годзе мы не атрымалі каля 1 мільярда рублёў грашовай выручкі.    

Вылучана патрабаванне — да канца пяцігодкі завяршыць пачатае будаўніцтва малочна - таварных ферм па сучасных тэхналогіях і павялічыць пагалоўе. Што ў гэтым плане робіцца ў нас?

— У нашым раёне завяршаецца будаўніцтва малочна-таварнай фермы «Дубаўцы» племзавода «Рось». Яе трэці пускавы комплекс на 1 166 галоў дойнага статка будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў бягучым годзе. Працягваецца праца па даўкамплектаванню другога пускавога комплексу гэтай фермы да праектнай магутнасці. Такім чынам, 72% дойнага статка на Ваўкавышчыне будзе ўтрымлівацца на малочна-таварных комплексах, абсталяваных па новых тэхналогіях.   

Якое ваша меркаванне аб стварэнні школ у гаспадарках і накіраванні туды перспектыўных навучэнцаў з сельскай мясцовасці?

— Гэта важна для забеспячэння кадрамі сельскагаспадарчай галіны. Не сакрэт, што, атрымаўшы сельскагаспадарчую адукацыю, маладыя людзі пасля адпрацоўкі адпраўляюцца на гарадскія прадпрыемствы, становяцца прадпрымальнікамі, займаюць нішу за рынкавым прылаўкам. Выключыць кадравую чахарду дапаможа мэтанакіраваны адбор абітурыентаў для навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю і папярэдняя падрыхтоўка іх у такіх вось школах на базе сельгаспрадпрыемстваў. Гэта павінны быць маладыя людзі, добра знаёмыя з вясковым укладам жыцця, як правіла, выхадцы з вёскі.

Але для таго, каб яны трывала замацаваліся на вёсцы, для іх неабходна стварыць камфортныя бытавыя ўмовы ў сельскіх населеных пунктах...

— Безумоўна. Акрамя працы на сяле і годнай зарплаты, у іх павінны быць камфортныя, не горш за гарадскія, умовы для пражывання. Таму Прэзідэнт і даручыў Ураду сумесна з рэгіёнамі распрацаваць дзейсны механізм для рэалізацыі абвешчанай раней канцэпцыі «вёскі будучыні».

Будуць распрацаваны і ўкаранёны новыя сацыяльныя стандарты, у адпаведнасці з якімі ў населеных пунктах павінны быць і добрыя дарогі, і якасная вада, сацыяльнае абслугоўванне, забяспечанасць неабходнымі таварамі і нават інтэрнэт-сувязь.

— Застаецца спадзявацца, што гэта так і будзе.