Афіцыйны сайт
8 красавіка 2018

Баявыя дзеянні пачалі кляшчы

 Некалькіх цёплых дзён хапіла, каб прачнуліся кляшчы. Стужкі навін мільгаюць паведамленнямі аб «баявых дзеяннях», якія яны пачалі ў заходніх абласцях краіны. У Брэсцкай, напрыклад, за даследаваннем кляшчоў у лабараторыі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі да пачатку красавіка звярнуліся 14 чалавек. Сем вынікаў аказаліся станоўчымі — у кляшчах былі выяўленыя ўзбуджальнікі лайм-барэліёзу.
Але кляшчы — пераносчыкі не толькі гэтага захворвання, але і клешчавога энцэфаліту, анаплазмозу і эрліхіозу. Эпідэміялагічная сітуацыя па гэтых клешчавых інфекцыях у мінулым годзе нестабільнай і напружанай заставалася і ў Гродзенскай вобласці. Паказчык захворвання на клешчавы энцэфаліт, напрыклад, перавысіў сярэднерэспубліканскі паказчык у 4, 5 разы, хваробай Лайма — у 1,3 разы. У Ваўкавыскім раёне клешчавы энцэфаліт быў дыягнаставаны ў 11 выпадках (плюс 2 да 2016 года), захворванне хваробай Лайма знізілася ў 1,7 разы (25 выпадкаў супраць 43).
Сустракаюцца кляшчы паўсюдна і актывізуюцца ўжо пры тэмпературы паветра вышэй за 5 градусаў. У іх два пікі актыўнасці: май—чэрвень і жнівень—верасень, але ўкусы кляшчоў магчымыя з сакавіка па кастрычнік. У гарачы сонечны дзень актыўнасць гэтых членістаногіх вышэй раніцай (да 10 гадзін) і ў вячэрні час. У пахмурныя дні яны актыўныя на працягу ўсяго дня, так як любяць вільгаць  і цяпло. Не актыўныя толькі ў дажджлівае надвор'е.
Кляшчы звычайна хаваюцца ў падлеску, невысокіх хмызняках, ламаччы, на высокай траве, у леташніх кучах пустазелля і лісця. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, яны не нападаюць зверху, а проста чапляюцца за ахвяру, якая праходзіць міма.
Каб зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад кантакту з кляшчамі, іх укусу і захаваць здароўе, неабходна выконваць простыя правілы асабістай бяспекі. Яны простыя: максімальна прыкрываць цела пры паходах на прыроду, кожныя 2-3 гадзіны аглядаць сябе і іншых, выкарыстоўваць супрацьклешчавыя рэпеленты, правяраць прынесеныя з прагулкі кветкі, ягады, грыбы і г. д.
Калі вы ўсё ж такі знайшлі на сабе  кляшча, які прысасаўся, звярніцеся за медыцынскай дапамогай.

Аляксандра ЛАБЕЦКАЯ, загадчык аддзела эпідэміялогіі Ваўкавыскага занальнага ЦГЭ.