Афіцыйны сайт
21 ліпеня 2017

Актуальным пытанням арганізацыі і правядзення ўборачнай кампаніі 2017 года быў прысвечаны выязны раённы семінар-нарада, які прайшоў на базе ДСУП «Падароск»

Удзел у ім прынялі кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і сельскагаспадарчых арганізацый раёна, прадстаўнікі раённых арганізацый і службаў. 

Праходзіў семінар на полі, дзе вядзецца ўборка азімага рапсу. Першы намеснік старшыні райвыканкама, старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Захарчук у пачатку семінара вызначыў галоўную яго мэту - наглядна прадэманстраваць найбольш частыя хібы пры ўборцы рапсу, і паставіў перад кіраўнікамі і спецыялістамі задачу сабраць ураджай без страт і ў аптымальныя тэрміны. А так як да пачатку ўборкі збожжавых засталося мала часу, то многія пытанні тычыліся і яе. 

Начальнік упраўлення акцэнтаваў увагу на большасці істотных пытанняў жніва, у прыватнасці, на выключэнні страт пры ўборцы і захоўванні ўраджаю збожжавых, гатоўнасці тэхнікі, спецыялістаў, фарміраванні экіпажаў, бяспекі работнікаў і інш. Ён падкрэсліў, што ключавыя моманты ўборачнай кампаніі будуць узяты ў раёне на асаблівы кантроль. 

Галоўны аграном упраўлення Іван Дзямянчык распавёў аб тэхналогіі ўборкі рапсу і агратэхнічных мерапрыемствах, якія тычацца гэтай культуры. У сваім выступе ён таксама закрануў асаблівасці ўборкі ўраджаю збожжавых бягучага года, адзначыў, што ў раёне павінен быць наладжаны штодзённы кантроль стану пасеваў, іх паспявання і ўзроўню вільготнасці, а таксама даў рэкамендацыі ўдзельнікам, як правесці жніво з найменшымі стратамі ўраджаю.

Як тэхналагічна граматна наладзіць і адрэгуляваць комплекс сельскагаспадарчай тэхнікі, што задзейнічана на ўборцы, удзельнікам семінара расказаў Яўген Гуляй, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Ён азнаёміў прысутных з прычынамі страт збожжа пры прамым камбінаванні, методыкамі іх хуткага падліку і рэкамендаваў аптымальныя хуткасці руху тэхнікі. Таксама Яўген Аляксандравіч дэталёва раскрыў усе асаблівасці арганізацыі ўборкі рапсу і збожжавых культур, іх дапрацоўкі на збожжасушылках. 

Галоўны інжынер па ахове працы ўпраўлення Валянцін Заяц вёў гаворку аб захаванні правіл па ахове працы і тэхніцы бяспекі. Вялікая ўвага была ўдзелена пажарнай бяспецы  пры выкананні ўборачных работ. Валянцін Сяргеевіч азнаёміў удзельнікаў семінара з асноўнымі этапамі арганізацыі супрацьпажарнай бяспекі на палях падчас уборачнай кампаніі, аснашчэннем  збожжаўборачнай тэхнікі сродкамі пажаратушэння, дзеяннямі работнікаў гаспадарак у выпадках узнікнення надзвычайных сітуацый.