Афіцыйны сайт
8 верасня 2019

Золатавалютныя рэзервы дасягнулі амаль 9 мільярдаў долараў

Гэта новы абсалютны максімум. Міжнародныя рэзервовыя актывы нашай краіны на 1 верасня, паводле папярэдніх звестак, склалі 8,891 млрд долараў у эквіваленце.

Як паведамляюць спецыялісты Нацыянальнага банка краіны, за жнівень золатавалютныя рэзервы выраслі на 263,1 млн долараў (на 3 %) пасля росту ў ліпені на 337,2 млн долараў (на 4,1 %). З пачатку года рэзервы выраслі на 24,2 %. Цяперашні ўзровень рэзерваў, адзначаюць эксперты, дастатковы для падтрымання фінансавай стабільнасці ў краіне. Рэкамендаваны МВФ мінімальны крытэрый — рэзервы павінны пакрываць два месяцы імпарту. Па іншых крытэрыях гаворка ідзе пра тры месяцы. У месяц Беларусь імпартуе тавараў прыблізна на 3,5 млрд долараў.

Варта заўважыць, што ў жніўні ўрад і Нацбанк выканалі знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце на суму каля 550 млн долараў. Пры гэтым павелічэнню ўзроўню золатавалютных рэзерваў спрыялі купля Нацбанкам валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы; паступленне сродкаў ад продажу Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце; павелічэнне кошту манетарнага золата і паступленне валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".