Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.09.2020

Падатковыя льготы і забеспячэнне жыллём - як у Беларусі падтрымліваюць шматдзетных

Начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі расказаў у час прэс-канферэнцыі, якія падатковыя льготы прадугледжаны для шматдзетных сем'яў у Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адной з мер дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем'яў з'яўляюцца падатковыя льготы. Яны ў тым ліку датычацца стандартных падатковых вылікаў па падаходным падатку з фізічных асоб, гэта значыць той сумы, якая не абкладаецца такім падаткам у складзе зарплаты. Стандартны падатковы вылік для сем'яў з адным дзіцем прадастаўляецца ў памеры Br34, з двума і больш - Br65 на кожнае. Для прыкладу: пры наяўнасці траіх дзяцей і зарплаце Br1 тыс. не абкладаецца падаткам практычна Br200. Стандартны падатковы вылік штогод індэксуецца", - сказаў Андрэй Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, шматдзетным сем'ям прадастаўлены самыя вялікія льготы па зямельным падатку і падатку на нерухомую маёмасць. "Ад гэтых падаткаў поўнасцю вызваляюцца ўсе прыналежныя ім будынкі, збудаванні, кватэры, гаражы і зямельныя ўчасткі. Выключэнне складаюць толькі тыя выпадкі, калі гэтыя капітальныя пабудовы або зямельныя ўчасткі прызначаны або выкарыстоўваюцца для прадпрымальніцкай дзейнасці", - адзначыў прадстаўнік МПЗ.

Начальнік аддзела рэгулявання жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская расказала аб ільготах шматдзетным сем'ям пры паляпшэнні жыллёвых умоў. "Дзяржаўная падтрымка прадастаўляецца ім у пазачарговым парадку, акрамя таго, іх накіроўваюць на будаўніцтва жылля на працягу года з даты прыняцця на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У сельскіх населеных пунктах, малых гарадах пытанне забеспячэння шматдзетных сем'яў жыллём на працягу года фактычна вырашана. Думаю, у вялікіх гарадах мы таксама ў бліжэйшы час выйдзем на гадавы тэрмін", - заявіла яна.

Шматдзетная сям'я можа атрымаць або льготны крэдыт у адпаведнасці з указам нумар 13, або субсідзіруемы ў адпаведнасці з указам нумар 240. "Калі мы гаворым аб будаўніцтве па ўказе нумар 13, ільготны крэдыт шматдзетнай сям'і будзе прадастаўлены на 40 гадоў пад 1 працэнт гадавых. Памер крэдыту вылічваецца зыходзячы з 20 кв.м на чалавека і з нарматыву кошту квадратнага метра Br817. Калі шматдзетная сям'я будуе аднакватэрны або блакіраваны дом у сельскай мясцовасці, то памер дзяржаўнай падтрымкі там значна большы", - звярнула ўвагу прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.