Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.07.2020

Мінсельгасхарч разлічвае, што ўраджай сельгаскультур будзе вышэйшы, чым летась

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разлічвае, што ўраджай сельскагаспадарчых культур у гэтым годзе будзе вышэйшы, чым летась. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінсельгасхарча па выніках нарады па выпрацоўцы стратэгіі правядзення ўборачнай кампаніі на палях НПЦ НАН Беларусі па земляробстве, паведамляе БЕЛТА.

У нарадзе прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, намеснік старшыні Прэзідыума НАН Пётр Казакевіч. Беларускія вучоныя расказалі аб напрамках селекцыйнай работы, адказалі на пытанні па тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

"Аналіз бягучых аб'ектыўных фактараў фарміравання ўраджаю (аптымізацыя пасяўных плошчаў, унясенне ўгнаенняў, захаванне тэхналогіі вырошчвання раслін, пагодна-кліматычныя ўмовы) дае магчымасць спадзявацца на больш выжкі ўраджай, чым у 2019 годзе. У грамадскім сектары плануецца атрымаць не менш як 8,2 млн т збожжавых і зернебабовых, амаль 5 млн т цукровых буракоў, 1,1 млн т бульбы, амаль 620 тыс. т рапсу, 50 тыс. т ільновалакна, 600 тыс. т агародніны, 170 тыс. т пладоў і ягад. Пастаўлена задача нарыхтаваць 9,3 млн т кармавых адзінак травяных кармоў", - расказалі ў Мінсельгасхарчы.

У Беларусі нараўне з актыўнай нарыхтоўкай травяных кармоў завяршаецца падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, рэалізуецца комплекс дадатковых арганізацыйных і тэхналагічных мерапрыемстваў. Для ўборкі збожжавых і зернебабовых культур будзе задзейнічана 8,5 тыс. камбайнаў, больш за 2 тыс. зернеачышчальна-сушыльных комплексаў і іншая тэхніка, якая дасць магчымасць убраць і захаваць сабраны ўраджай. Рабочы працэс забяспечаць больш за 24 тыс. механізатараў і 12 тыс. камбайнераў.

У паўднёвых раёнах Беларусі заканчваецца ўборка азімага ячменю: убрана 16,6 тыс. га, што складае 94,1 працэнта запланаваных плошчаў. Намалочана 92,5 тыс. т азімага ячменю, ураджайнасць складае 56 ц/га. Актыўна ідзе ўборка азімай свірэпіцы на зерне: работы праведзены на 24,9 тыс. га (88,4 працэнта запланаваных плошчаў), намалочана 24,2 тыс.т пры ўраджайнасці 9,68 ц/га. Што датычыцца азімага рапсу на зерне, то ён убраны з 66,4 тыс. га (21 працэнт ад плана), намалот складае 119,7 тыс. т, ураджайнасць - 18 ц/га. Другі ўкос траў у Беларусі праведзены на 525,3 тыс. га (64,2 працэнта ад плана). Нарыхтавана 448,4 тыс. т сена (44 працэнты да плана), 10,882 млн т сенажу (86,4 працэнта) і 476,6 тыс. т сіласу (2,49 працэнта).

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.