Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.01.2020

Гранты Прэзідэнта ў 2020 годзе атрымаюць амаль 100 работнікаў навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне "Аб прадастаўленні грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2020 год". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Гранты прызначаныя 98 работнікам арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры. Выдзеленыя сродкі будуць накіраваны на даследаванні і распрацоўкі ў галіне фізіка-матэматычных, тэхнічных, медыцынскіх, біялагічных, хімічных, сельскагаспадарчых, эканамічных навук; павышэнне якасці навучання навучэнцаў і студэнтаў за кошт распрацоўкі і прымянення сучасных методык і вучэбна-метадычнага забеспячэння; распрацоўку новых метадаў дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў, лячэння і рэабілітацыі пацыентаў; стварэнне новых твораў мастацтва, правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў і рэалізацыю наватарскіх праектаў для развіцця беларускай культуры і захавання нацыянальных духоўных традыцый.

Прыняцце распараджэння Прэзідэнта накіравана на падтрымку таленавітых спецыялістаў у прыярытэтных для краіны сферах дзейнасці.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.