Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.05.2020

Беларускія дэпутаты рыхтуюць да першага чытання папраўкі ў пенсійныя законы

На вясенняй сесіі Палата прадстаўнікоў плануе разгледзець у першым чытанні папраўкі ў законы "Аб пенсійным забеспячэнні" і "Аб прафесійным пенсійным страхаванні". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Жанна Стаціўка.

Парламентарый растлумачыла, што заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасць з указам ад 17 студзеня 2020 года нумар 15. "Згодна з указам, пачынаючы з 1 студзеня бягучага года работнікам, якія маюць права на датэрміновую прафесійную пенсію і адпрацавалі да 1 студзеня 2009-га не менш за палавіну патрабуемага льготнага стажу, прадастаўлена права на назначэнне датэрміновай ільготнай пенсіі згодна з законам аб пенсійным забеспячэнні ўзамен датэрміновай пенсіі ў адпаведнасці з законам аб прафесійным пенсійным страхаванні", - нагадала Жанна Стаціўка.

"Што датычыцца больш маладых работнікаў, якім трэба будзе большую частку стажу адпрацаваць у сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання, то для павышэння іх будучых пенсій указам прадугледжваецца павелічэнне ўзносаў работадаўцаў прыкладна ў два разы", - дадала дэпутат.

"Падтрымка і павышэнне ўзроўню пенсійнага забеспячэння грамадзян адпавядаюць мэтавым задачам дзяржавы. Гэта ў поўнай меры ўзгадняецца і з Мэтай устойлівага развіцця нумар 1", - адзначыла парламентарый.

Яна падкрэсліла, што змяненні ў пенсійнае заканадаўства рыхтаваліся з улікам прапаноў грамадзян і юрыдычных асоб. Жанна Стаціўка расказала, што праблему не раз узнімалі і ў яе Белавежскай выбарчай акрузе. У яе складзе пераважна сельскагаспадарчыя Камянецкі, Маларыцкі, Жабінкаўскі раёны. Трактарысты-машыністы, даяркі ўзнімалі пытанне аб тым, каб захаваць права на датэрміновую пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы або за выслугу гадоў, каб не пераводзіцца ў прафесійную пенсійную сістэму. Практыка паказвала, што работнік, які перайшоў у яе, не можа накапіць дастаткова сродкаў для нармальнай дадатковай пенсіі. Перыяд фарміравання ўзносаў невялікі, а тарыф па іх выплаце для наймальнікаў за такіх работнікаў нізкі.

Прафесійнае пенсійнае страхаванне ў Беларусі ўвялі з 1 студзеня 2009 года, каб сфарміраваць для датэрміновых пенсій асобную крыніцу фінансавання. Работнікам, занятым у неспрыяльных умовах працы, назначаецца прафесійная пенсія. Яе памер залежыць ад аб'ёму мэтавых узносаў (пенсійных зберажэнняў), накопленых на індывідуальных рахунках у сістэме індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку. Па правілах пераходнага перыяду (ад назначэння датэрміновых ільготных пенсій па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы і за выслугу гадоў да назначэння прафесійных пенсій) пры адпрацоўцы работнікам пасля 1 студзеня 2009 года больш за палавіну ад патрабуемага льготнага стажу назначалася толькі пенсія згодна з законам аб прафесійным пенсійным страхаванні. Пры гэтым права на пенсію па нормах закона аб пенсійным забеспячэнні страчвалася. Указ нумар 15 падыходы да прадастаўлення датэрміновай пенсіі змяніў.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.