Афіцыйны сайт
4 красавіка 2018

У сферы асаблівай увагі: бяспека ў месцах масавага наведвання, вясенняя пасяўная, навядзенне парадку на зямлі

Першыя вынікі праверак месцаў масавага знаходжання людзей, якія па даручэнні Прэзідэнта праводзіць служба МНС, разгледжаны на аператыўнай нарадзе ў аблвыканкаме. 

– Бяспека людзей – адна з галоўных задач улады, – падкрэсліў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў.

Ён даручыў праверыць усе аб'екты ў рэгіёне, якія масава наведваюць людзі. Праз тыдзень пытанне праверкі бяспекі месцаў масавага наведвання будзе разгледжана на аператыўнай нарадзе ў фармаце відэаканферэнцыі з удзелам кіраўнікоў раёнаў. 

Усяго намечана правесці праверкі забеспячэння бяспекі на паўтары тысячы аб'ектах. На ўжо правераных аб'ектах, а іх больш за  трыста,  выяўлены шэраг недахопаў. У асноўным гэта заўвагі, якія можна выправіць аператыўна, без вялікіх грашовых укладанняў. Аднак ёсць і пытанні, якія патрабуюць больш сур'ёзных зменаў на аб'ектах. Уладальнікі некаторых будынкаў камерцыйнага прызначэння ў інтарэсах бізнесу робяць несанкцыянаваныя перапланіроўкі, ушчыльняюць гандлёвыя плошчы. Нельга дапускаць, каб пры гэтым пакутавала бяспека людзей, падкрэслена на нарадзе. Праверкі на гэты конт вядуцца самым строгім чынам.

Губернатар даручыў стварыць у абласным цэнтры цэнтр бяспекі МНС – такі ж, які ў чэрвені мінулага года адкрыты і дзейнічае ў Лідзе. Яго задача – навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспечнай жыццядзейнасці, правілам аказання першай медыцынскай дапамогі, карыстання сродкамі абароны, фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій і сучаснага абсталявання. 

Уладзімір Краўцоў даў шэраг даручэнняў па выніках прыёму грамадзян, які ён на мінулым тыдні правёў у Лідзе. У першую чаргу гэта тычыцца рэканструкцыі моста на вуліцы Наскова ў раённым цэнтры. Ён неабходны людзям, так як звязвае горад з прамысловай зонай і некалькімі вёскамі. Ужо гатова неабходная дакументацыя, і прыступіць да работ неабходна ў самыя кароткія тэрміны, даручыў губернатар. Яшчэ адзін зварот вадзіцеля, які не можа працаўладкавацца, выклікаў пэўныя пытанні да працы службы занятасці. Да пытанняў працаўладкавання трэба падыходзіць з асаблівай дбайнасцю, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. На яго думку, у Лідзе варта арганізаваць работу курсаў па перанавучанні беспрацоўных, аналагічных тым, якія дзейнічаюць у Гродне.
З прыходам вясны на парадак дня выходзяць такія важнейшыя задачы, як вясенняя пасяўная і навядзенне парадку на зямлі. Гэтыя работы не церпяць адкладаў. Уладзімір Краўцоў яшчэ раз падкрэсліў, што планы на вясеннюю сяўбу складзены і даведзены да раёнаў, яе трэба будзе правесці ў кароткія тэрміны, а таму асабліва арганізавана і дысцыплінавана. Гэта ж тычыцца і навядзення парадку ў гарадах і вёсках пасля зімы. Асаблівая ўвага нададзена пытанням вясенняга абнаўлення ў абласным цэнтры, які павінен радаваць жыхароў і гасцей сваёй чысцінёй і прыгажосцю. У Гродне губернатар даручыў у аптымальныя тэрміны завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторый на аб'ектах, якія былі здадзены ў эксплуатацыю восенню мінулага года. Гаворка аб праспекце Лебедзева, Індурскай шашы і шэрагу іншых. 

– Асаблівы падыход патрэбны ў гэтым годзе да арганізацыі традыцыйнага суботніка, – адзначыў Уладзімір Краўцоў. – Гэта Год малой радзімы, будзем планаваць, куды на гэтыя мэты накіраваць заробленыя сродкі. 

Таксама губернатар даручыў прыняць актыўны ўдзел у традыцыйным Тыдні лесу, які ў красавіку пройдзе ў Беларусі. 

grodnonews.by