Афіцыйны сайт
5 кастрычніка 2017

Пытанні жыццёвыя, рашэнні кампетэнтныя. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў правёў прыём грамадзян

З пытаннямі да губернатара звярнуліся жыхары абласнога цэнтра, Іўеўскага і Навагрудскага раёнаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі з аграгарадка Ліпнішкі Іўеўскага раёна некалькі гадоў таму адкрылі краму, якая знаходзіцца ў арандаваным памяшканні будынка інтэрната. Муж і жонка ўклалі свае сродкі ў рэканструкцыю гандлёвай залы і хацелі б выкупіць памяшканне ва ўласнасць. 

Уладзімір Краўцоў даў даручэнне яшчэ раз дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні, звярнуўшыся па тлумачэнні ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 

Былы галоўны бухгалтар аднаго з прадпрыемстваў не згодна з фармулёўкай яе звальнення. Яна таксама звярнулася з просьбай дапамагчы ёй у працаўладкаванні. Губернатар даручыў абласному ўпраўленню Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь разабрацца ў гэтай сітуацыі і аказаць садзейнічанне ў пошуку працы па кваліфікацыі. 

Дырэктар музея праса ў Гродне Аляксандр Рыгоравіч нямала сіл і сродкаў уклаў у стварэнне музея, досыць запатрабаванага ў турыстычны сезон, у тым ліку і сярод шматлікіх бязвізавых турыстаў. А ў міжсезонне яму не хапае элементарнай рэкламы, каб прыцягнуць наведвальнікаў.

 - З кожным годам колькасць музеяў у абласным цэнтры расце, яны карыстаюцца папулярнасцю ў нашых суайчыннікаў і замежных турыстаў. Абласны цэнтр ужо наведала сорак тысяч бязвізавых турыстаў, - адзначыў Уладзімір Краўцоў. - Мы зацікаўлены ў тым, каб і ваш музей працаваў, прымаў турыстаў, школьнікаў. Улады гатовыя ўсяляк падтрымліваць развіццё музейнай справы. 

Прадпрымальнікі з Навагрудка адкрылі аўтасэрвіс. Аднак участак, на якім стаіць іх дом і дзе яны аказваюць паслугі, згодна з генеральным планам трапляе пад знос. Разабрацца ў сітуацыі на месцы губернатар даручыў свайму намесніку, які курыруе пытанні будаўнічага комплексу і камітэту па  архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама.
 Гродзенская праўда