Афіцыйны сайт
14 студзеня 2018

Пытанне клопату: аб сацыяльных праектах Гродзенскай вобласці, якія даюць эфект

Тэмы некаторых сацыяльных праектаў падымаліся падчас традыцыйнай суботняй тэлефоннай лініі, якую правёў на гэты раз намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч.

Пасля святаў пытанняў, з якімі звярталіся людзі, было менш. Яны тычыліся самых розных тэм, пачынаючы ад рамонту пад'ездаў, раскладу руху транспарту да будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады. Усе тыя, хто тэлефанавалі, атрымалі тлумачэнні на свае пытанні, некаторых адправілі за больш дакладным і хуткім адказам да патрэбнага адрасата. Напрыклад, па пытанні ямачнага рамонту ў абласным цэнтры было рэкамендавана ператэлефанаваць у гарвыканкам, дзе адначасова прамую тэлефонную лінію праводзіў першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Жук, які курыруе гэту тэму. Віктар Лісковіч, які курыруе сацыяльную сферу, пракаментаваў рэалізацыю актуальных праектаў сацыяльнай сферы, якія цікавяць насельніцтва.  

У вобласці падводзяць вынікі маштабнай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

 - Мы пастараліся правесці яе максімальна шырока, выкарысталі як традыцыйныя формы віншавання дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, так і ўцягнулі ў праект дзяцей са шматдзетных сем'яў, прыёмных і апякунскіх, а таксама дзяцей, якія праявілі сябе ў вучобе, творчасці, вызначыліся спартыўнымі дасягненнямі. У акцыю ўдалося ўцягнуць максімальна шырокую колькасць людзей. Зразумела, дзяцей наведалі з падарункамі прадстаўнікі ўлады, свае акцыі правялі грамадскія аб'яднанні, актыўна праявілі сябе прадпрыемствы Гродзеншчыны. Ні адно дзіця не засталося без увагі ў перыяд зімовых святаў, - расказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Не абдзялілі ўвагай і тых дзяцей, якія знаходзяцца ў полі зроку камісіі па справах непаўналетніх. На працягу года кіраваліся ключавой задачай: у працы з дзецьмі і падлеткамі не павінна быць фармалізму. Арганізоўвалі занятасць дзяцей, максімальна далучалі іх да розных мерапрыемстваў. Да канца года прадстаўнікі камісіі падвялі вынікі і з задавальненнем адзначылі пазітыўныя тэндэнцыі - удалося знізіць тэмпы росту падлеткавай злачыннасці і дамагчыся пэўных станоўчых вынікаў.

- Задача на будучыню - перш за ўсё якасная прафілактычная праца з непаўналетнімі. Трэба зрабіць так, каб у іх не з'яўлялася думкі аб якім-небудзь правапарушэнні, - адзначыў Віктар Лісковіч.

Намеснік старшыні аблвыканкама падкрэсліў важнае значэнне выхаваўчай працы ў гэтых адносінах. Дзякуючы правільна пабудаванай выхаваўчай працы ў вобласці няма праблем і з заклікам на тэрміновую ваенную службу, рэгіён атрымлівае высокую ацэнку арганізацыі прызыву. Але ў той жа час нязначная колькасць прызыўнікоў працягвае ўхіляцца ад выканання воiнскага абавязку. Малады чалавек, які атрымаў добрае выхаванне ў школе, сям'і, не стане гэтага рабіць, са школьнай лаўкі ён усведамляе сваю гатоўнасць быць абаронцам. Тым больш, што ў вобласці створаны належныя ўмовы для службы, дадаў Віктар Лісковіч.

Яшчэ адзін важны напрамак у сацыяльнай сферы - праца з пажылымі. У сілу дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай, ды і ў іншых краінах, яна становіцца ўсё больш актуальнай. Усё больш запатрабаваныя дамы-інтэрнаты для пажылых, у асобных рэгіёнах у іх - чарга. На Гродзеншчыне праблема вырашана дзякуючы ўкараненню розных формаў пражывання пажылых людзей - аддзяленняў кругласутачнага сумеснага пражывання, дамоў зімоўкі, гасцявых сем'яў, а таксама перапрафілявання пад такія патрэбныя сацыяльныя аб'екты вызваленых устаноў іншых сфер. Гэты вопыт Гродзенскай вобласці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны рэкамендавала ўжываць і іншым рэгіёнам. 

Гродзенская праўда