Афіцыйны сайт
15 красавіка 2018

На Гродзеншчыне на рэспубліканскі суботнік 21 красавіка выйдуць больш за 310 тысяч чалавек

Плануецца зарабіць больш за 670 тысяч рублёў.

Урад зацвердзіў састаў рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка, кіруе ёю намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы. Сфарміравана такая рабочая група і ў Гродзенскай вобласці. Узначальвае яе намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Дзяшко. 
Жыхары рэгіёна будуць працаваць на самых розных аб'ектах. 

– У Год малой радзімы асаблівая ўвага будзе нададзена добраўпарадкаванню населеных пунктаў, аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, ландшафтных заказнікаў. Работы будуць весціся ў такіх знакавых месцах, як ансамбль былога палаца Храптовічаў у вёсцы Шчорсы, Навагрудскі, Любчанскі і Гальшанскі замкі, музей-сядзіба М.-К. Агінскага ў аграгарадку Залессе, замка XIV ст. у аграгарадку Крэва і іншых, – расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
Палац у Свяцку, Альшанка і праспект Лебедзева 
Калектыў аблвыканкама будзе працаваць на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля Валовічаў у Свяцку і ў лесапаркавай зоне ў мікрараёне Альшанка.
У Гродне ў суботніку, па папярэдніх дадзеных, прымуць удзел больш за сто тысяч чалавек. 
У абласным цэнтры высадзяць больш за тысячу дрэў. Маладыя ліпы, клёны, бярозы ды ясені напярэдадні рэспубліканскага суботніка з'явяцца на праспекце Лебедзева, на вуліцах Хімікаў і  Урублеўскага, у мікрараёне Фолюш, на другім завулку Дзяржынскага. Парадак навядуць на леванабярэжнай ракі Нёман, на сцежцы здароўя. У гэты дзень жыхары горада таксама зоймуцца добраўпарадкаваннем гульнявых і спартыных пляцовак ў жылых мікрараёнах, добраўпарадкаваннем клумбаў. Запланаваны работы на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Зорька». 

Навядуць парадак у раёнах 
У дзень суботніка жыхары ўсіх раёнаў вобласці зоймуцца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў. Да прыкладу, плануецца правядзенне работ на пляцоўцы будаўніцтва дзіцячага сада ў Шчучыне, у паркавых зонах у Дзятлаве і Наваградку, у мікрараёнах Энка ў Слоніме і Маладзёжны ў Іўі, ва ўрочышчы «Сухая» ў Ашмянах, на стадыёне «Юнацтва» ў Карэлічах.
Асаблівая ўвага адводзіцца добраўпарадкаванню месцаў, звязаных з гісторыяй Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Плануецца правесці добраўпарадкаванне тэрыторый масавага пахавання Петралевічская гара і ўрочышча Моргі ў Слонімскім раёне, мемарыяльнага комплексу «Парахаўня» ў Ваўкавыскім раёне, брацкай магілы савецкіх воінаў у вёсцы Мяштовічы Зэльвенскага раёна, комплексу Баявой славы ў гарадскім пасёлку Зэльва, мемарыяльнага комплексу «Зорка» ў Карэліцкім раёне, мемарыяльнага комплексу «Шавулічы» ў Ваўкавыскім раёне і іншых.
Традыцыйна будзе наводзіцца парадак на тэрыторыі дзіцячых аздараўленчых лагераў ва ўсіх раёнах вобласці. 

Бэз ад ветэранаў, ад саюза жанчын – алеі гераінь
Абласным каардынацыйным саветам грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый вобласці аб'яўлена абласная акцыя «Захаваем прыгажосць роднай зямлі: у памяць аб мінулым – з поглядам у будучыню».
Ветэранская арганізацыя ў дзень суботніка плануе высадзіць бэз у гонар загінуўшых абаронцаў Айчыны, удзельнічаючы ў акцыі «Бэз Перамогі – сад Міру». Актывісткі Беларускага саюза жанчын высадзяць «Алеі гераінь» у гонар вядомых жанчын Гродзеншчыны. Прадстаўнікі РГА «Белая Русь», прафсаюзных арганізацый, члены БРСМ маюць намер заняцца добраўпарадкаваннем мемарыялаў, помнікаў, абеліскаў камсамольцам і падпольшчыкам, навядзеннем парадку ў населеных пунктах.
Куды пойдуць заробленыя сродкі 
50 працэнтаў заробленых сродкаў аблвыканкам пералічыць Міністэрству фінансаў Рэспублікі Беларусь. Яны будуць накіраваны на закупку медыцынскага абсталявання для гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску. 
Іншая частка заробленых сродкаў застанецца ў распараджэнні аблвыканкама. Гэтыя грошы вырашана накіраваць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.