Афіцыйны сайт
8 верасня 2017

Маладзёжныя старты. На ЦСК “Нёман” прайшла адкрытая абласная алімпіяда “Спорт, здароўе і закон”

Абласныя старты, як было адзначана на іх урачыстым адкрыцці, закліканы прыцягнуць непаўналетніх, якія стаяць на розных відах уліку, да актыўнай спартыўнай дзейнасці. На працягу года яны сумесна з супрацоўнікамі пракуратуры, органаў унутраных спраў, настаўнікамі актыўна трэніраваліся на спартыўных пляцоўках, каб у верасні прадэманстраваць найлепшыя вынікі ў фінальных гульнях. 

На раённых спаборніцтвах за права прадставіць свой раён у вобласці змагаліся больш за тысячу хлапчукоў і дзяўчат. Сотня лепшых з іх атрымала пуцёўкі на гродзенскія старты. У масавых фінальных спаборніцтвах па міні-футболу, валейболу і стрытболу прынялі ўдзел падлеткі з дзесяці раёнаў Гродзеншчыны. 

Штогод мерапрыемства набывае ўсё большы размах: каманды суправаджаюць балельшчыкі, танцавальна-спартыўныя групы. Каб прыцягнуць да ўдзелу як мага больш дзяцей, у мінулым годзе быў дабаўлены новы від спорту – стрытбол, што дазволіла і дзяўчатам дэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку. 


– Важна, каб дзеці ведалі, што ёсць альтэрнатыва гультайству і дарэмнай траце часу, і карысталіся існуючай магчымасцю. А дарослыя павінны ім на гэтым шляху дапамагчы, – падкрэсліла  намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Людміла Ніцкая.