Афіцыйны сайт
25 сакавіка 2018

Іван Жук: "У Год малой радзімы трэба больш увагі ўдзяліць навядзенню парадку ў населеных пунктах вобласці"

Пра гэта заявіў падчас суботняй прамой тэлефоннай лініі першы намеснік старшыні аблвыканкама Іван Жук.

І ў гэтай важнай справе павінен быць зацікаўлены кожны, ад мясцовага жыхара да старшыні райвыканкама. 

Пытанні добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, навядзення парадку на зямлі ўзнімалі жыхары вобласці, якія патэлефанавалі на тэлефонную лінію. Жыхарка аграгарадка Ендрыхаўцы Ваўкавыскага раёна лічыць неабходным будаўніцтва дарогі ў гэтым населеным пункце. Яна таксама паскардзілася на неналежную працу каналізацыі. Іван Алейзавіч даў даручэнне кіраўніцтву Ваўкавыскага райвыканкама выехаць на месца, разабрацца і ў самыя кароткія тэрміны прыняць меры.

Стан дарог да сельскіх населеных пунктаў хвалюе і гараджан, бо з прыходам вясны яны часцей выязджаюць за горад. Напрыклад, гродзенка паведаміла, што патрабуе падсыпкі дарогі ў вёску Старына Гродзенскага раёна.

Жыхара абласнога цэнтра хвалюе адсутнасць тратуара каля дома №11 па вуліцы Ватуціна. Яшчэ адзін гродзенец занепакоены станам пад'езда дома №50 па вуліцы Пушкіна. Звяртаўся ў ЖЭС №2, аднак ўборка ў пад'ездзе, па яго словах, не праводзіцца.

Напярэдадні дачнага сезону паступіў зварот з просьбай павялічыць колькасць рэйсаў аўтобуса да СТ«Юнацтва», якое размешчана ў Гродзенскім раёне.

Усе пытанні прыняты да ведама і будуць вырашаны па меры магчымасцяў. Частку іх накіруюць у Гродзенскі гарвыканкам, раёны, дзе іх павінны дадаткова вывучыць і прыняць меры. Заяўнікі атрымаюць адказы ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін.

У параўнанні з папярэдняй прамой лініяй, праведзенай Іванам Жуком у лютым, колькасць зваротаў зменшылася амаль на трэць. Усяго паступіў 21 званок, у тым ліку 15 – з Гродна.